Беларускія ўлады прыдумалі, як хутка лячыць наркаманаў


Дзіўная тэндэнцыя: наркаманаў стала больш у 32 разы, колькасць жа “наркалагічных” месцаў у шпіталях скарацілі на 40 %, а дыспансераў – амаль удвая.

За мяжою наркаманаў лечаць гадамі, у Беларусі самы доўгі час перабывання ў стацыянары складае 28 дзён. “Цяпер іншы падыход. Змяніліся тэрміны лячэння, акцэнт робяць на інтэнсіўнасць”, – тлумачыць загадчык сектарам наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя Уладзімір Максімчук.

За апошнія 25 гадоў наркаманаў у Беларусі стала больш у 32 разы (з 315 чалавек у 1987 годзе да 11 118 у 2012-м). У Менску гэты паказнік павялічыўся ажно ў 56 разоў (з 89 да 5014 чалавек). Колькасць жа шпітальных ложкаў для наркалагічных хворых з 1990 года скарацілася на 40 % (з 4490 да 1800 у 2011-м), наркалагічных дыспансераў – амаль удвая (1990-ы – 17, 2011-ы – 10). Болей стала толькі наркалагічных кабінетаў (у 2000-м – 82, у 2011-м – 103).

Што хворым можа прапанаваць дзяржава?

Існуе некалькі відаў дапамогі наркаманам: ананімныя пункты (там можна абмяняць шпрыцы і атрымаць кансультацыю), амбулаторнае лячэнне, стацыянар, праграмы рэабілітацыі. Паводле адмыслоўцаў Менскага абласнога клінічнага цэнтру “Псіхіятрыя-наркалогія”, калі камбінаваць розныя метады лячэння і пераводзіць пацыента з адной праграмы на іншую, можна навучыць яго жыць без наркотыкаў. Калі ўлічыць статыстыку, націск дзяржава робіць на першыя два віды.

У Беларусі “траекторыя” дзеянняў наступная. Спачатку “зніжэнне шкоды”. Лічыцца, што калі чалавек паспрабаваў наркотыкаў нядаўна, яго можна “адгаварыць” ад ужывання. Наркаманам “са стажам” абменьваюць шпрыцы, каб знізіць рызыку заражэння ВІЧ і гепатытам, або пераводзяць на замяшальную тэрапію (даюць метадон, каб тыя перасталі рабіць сабе ін’екцыі). Наступныя этапы праводзяць і ў амбулаторыі, і ў шпіталі. Прызначаюць лекі, каб правесці дэзінтаксікацыю арганізму, якая змяншае пакуты ад ломкі. Гэта спалучаюць з індывідуальнаю ды групавою псіхатэрапіяй. У шпіталі можна прайсці кароткі (да месяца) курс лячэння пасля дэзінтаксікацыі. Стацыянарнае лячэнне цягам 6–12 месяцаў звычайна адбываецца ў рэабілітацыйных цэнтрах, але дзяржава іх не мае.

Рэабілітацыя ў дзяржаўнай установе каштуе грошай, нягледзячы на тое, што Беларусь дэкларуе сябе краінаю з бясплатнаю медыцынаю. Напрыклад, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя кошты – ад $ 19,19 за дзень у наркалагічным аддзяленні да $ 252,2 за 12-дзённую праграму рэабілітацыі “Каўчэг”.

Працяглая рэабілітацыя – толькі ў недзяржаўным цэнтры

Сітуацыю добра ілюструе выпадак, апісаны ў раздзеле “У нас пытаюцца” на сайце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя. “Мой муж ляжыць у 37-м аддзяленні 10 дзён, – піша жанчына. – Кажа, што далей ляжаць сэнсу няма. Я разумею, што ў 37-м толькі здымаюць “ломку”. Што рабіць далей, куды яго потым шпіталізаваць? Тэрмін ужывання – 10 гадоў (з перапынкамі невялікімі)”.

У адказе медычнай установы гаворыцца: “На жаль, залежнасць ад наркотыкаў – гэта хвароба, якая вельмі цяжка паддаецца тэрапіі. У розных краінах дапамога такім пацыентам аказваецца цягам некалькіх гадоў у рэабілітацыйных цэнтрах. У сістэме аховы здароўя Беларусі, на жаль, падобных цэнтраў з доўгім перабываннем пацыентаў няма”. Далей медыкі раяць працягнуць тэрапію ў Менскім абласным клінічным цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія” (28-дзённая праграма рэабілітацыі) або ў 18-м аддзяленні цэнтру (рэабілітацыя цягам 18 дзён), а пра недзяржаўныя цэнтры доўгатэрміновага перабывання даведацца ў грамадскім аб’яднанні “Маці супраць наркотыкаў”.



Прадстаўніца гэтай арганізацыі ў Менску
Ірына Лук’яновіч распавяла “Белсату”, што стандартны тэрмін лячэння наркамана складае 1,5 года: год перабывання ў стацыянары плюс паўгода гэтак званай адаптацыі. Паводле працаўнікоў рэабілітацыйнага цэнтру “Дом ганчара”, што ў вёсцы Баравікі ля Светлагорску, да канца праграмы даходзяць каля чвэрці ўдзельнікаў. Затое 75 % з іх ужо ніколі не вяртаюцца да ранейшага жыцця: уладкоўваюцца на працу або распачынаюць уласны бізнес, ствараюць сем’і.

У Беларусі існуе каля 30 цэнтраў пры грамадскіх і рэлігійных (пераважна пратэстанцкіх) арганізацыях. Утрымліваюцца яны за грошы бацькоў наркаманаў. Напрыклад, у “Доме ганчара” ў сваякоў просяць Br 800 тыс. на месяц на харчаванне хворага. Калі блізкіх няма, грошай не бяруць. Працатэрапія не толькі лечыць, але і прыносіць цэнтру грошы. Падапечныя вырошчваюць гародніну для сябе і на продаж.

Такім чынам, дзяржава лечыць наркаманаў хутка, а калі не атрымліваецца, адпраўляе ў грамадскія арганізацыі. Гэтак і выдаткаў меней, і планавыя паказнікі ў дзяржаўных установах лепшыя.

Партрэт беларускага наркамана

Сярэднестатыстычны беларускі наркаман – гэта нежанаты беспрацоўны мужчына да 40 гадоў з сярэдняю або сярэдняю спецыяльнаю адукацыяй, раней судзімы. Загадчык сектару наркалагічнага маніторынгу Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя Аляксей Кралько звяртае ўвагу на дзве тэндэнцыі: сярэдні ўзрост беларускіх спажыўцоў наркотыкаў зніжаецца, і людзі ўсё часцей пераходзяць на цяжкія наркотыкі.

Паводле Уладзіміра Максімчука, самыя папулярныя ў Беларусі – мяккія наркотыкі (марыхуанавыя). Яны даволі хутка выклікаюць псіхалагічную залежнасць, а тыя, хто “падсеў”, лёгка пераходзяць на мацнейшыя рэчывы: какаін або гераін. І тут вельмі хутка з’яўляецца ўжо фізічная залежнасць. Спадар Максімчук дадае, што апошнімі гадамі саматужна прыгатаваныя рэчывы выціскаюцца гераінам, какаінам, амфетамінамі ды вытворнымі апошніх.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў