Старшыня «Абароны спажыўцоў»: Чамусьці наш народ хоча крыві


Ад каго і ад чаго сёння варта абараняць спажыўца, разважае ў праграме «Размова Жбанкова» кіраўніца грамадскага аб’яднання «Абарона спажыўцоў» Ірына Канапніцкая.



Дзяячка падкрэсліла, што ў беларускім гандлі больш за ўсё скаргаў на дзейнасць інтэрнэт-крамаў. Людзі скардзяцца на няправільнае афармленне дакументаў інтэрнэт-гандлярамі, на даставу і якасць, замоўленых праз сеціва тавараў.

{movie}Старшыня “Абароны спажыўцоў”: Наш народ хоча крыві |right|9715{/movie}

«Як правіла, чамусьці нашыя спажыўцы ўпэўненыя, што ім прывязуць тавар без якіх-небудзь дакументаў, то бок, будзе адсутнічаць чэк, маўляў, яго ніколі не выдаюць і не могуць выдаць. Гэта вялікая памылка, бо прадавец у інтэрнэт-краме – гэта або юрыдычная асоба, або індывідуальны прадпрымальнік», – падкрэсліла старшыня грамадскай арганізацыі. Такая сітуацыя ўзнікае праз тое, мяркуе экспертка, што сеціўныя гандляры ўтойваюць свае прыбыткі, каб не плаціць падаткаў. Хоць паводле Закону аб абароне правоў спажыўцоў, прадаўцы абавязаныя даць дакумент, які б пацвярджаў факт аплаты.

Другая праблема, з якою сутыкаецца большасць беларускіх спажыўцоў, – гэта няякасныя харчовыя вырабы. Скардзяцца таксама на сэрвіс аўтамабіляў: на парушэнне тэрмінаў рамонту або на няякасны рамонт.

Спадарыня Канапніцкая распавяла, што часам даводзіцца адмаўляць спажыўцам у дапамозе, бо нярэдка яны самі памыляюцца, няслушна перакананыя ў сваёй рацыі. Да таго ж спажыўцы вельмі часта адразу настойваюць на звароце ў суд. Адмыслоўца ж зазначыла, што паводле Закону аб абароне правоў спажыўцоў, найперш трэба паспрабаваць урэгуляваць спрэчку без суда, каб разгрузіць суды ад дробных справаў: «Большасць лічыць, што калі ўзнікла праблема, то трэба абавязкова звярнуцца ў суд, які ўсё вырашыць».

Сярод пакрыўджаных спажыўцоў, зазначыла спецыялістка, сустракаюцца тыя, хто не намераны развязваць канфлікт мірным шляхам і конча настойвае на судовым разглядзе. Аднак большасць спажыўцоў і прадаўцоў усё ж гатовая ісці на саступкі адно аднаму, каб хутчэй пераадолець непаразуменне.

Паводле спадарыні Канапніцкай, цяпер у Беларусі назіраецца ўзрост спажывецкага экстрэмізму: узрасла спажывецкая кампетэнцыя, прыйшло ўсведамленне ўласных правоў. «Пакупнікі хочуць цяпер «парваць» юрыдычную асобу, зачыніць магазін. Чамусьці наш народ хоча крыві», – адзначыла госця «Белсату».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў