Астаповіч супраць Філарэта. Скіравалі скаргу ў пракуратуру


Прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці Мітрапаліта Філарэта просіць пракуратуру старшыня грамадскага аб’яднання аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Паводле Антона Астаповіча, мітрапаліт парушыў закон аб зваротах грамадзянаў, цягам паўтара месяцы не адказаўшы на ягоны зварот: “Я пісаў ліст да Філарэта як да кіраўніка царкоўнай арганізацыі, на які цягам паўтара месяца не атрымаў адказу. Закон аб зваротах грамадзянаў гарантуе прадастаўленне пісьмовай інфармацыі на пісьмовыя запыты. Экзархат парушыў гэты закон, таму я і накіраваў зварот у пракуратуру Менску, дзе патрабую правесці правяранне і даць ацэнку дзеянням Мітрапаліта Менскага ды Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які не прадаставіў адказу на зварот грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”.

Запыт, на які не атрымаў адказу спадар Астаповіч, датычыў зямельнага пляцу паміж дамамі №№ 6 і 8 на вуліцы Вызвалення ў Менску. Таварыства аховы помнікаў прапанавала эскізны праект добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі з пазначэннем месца размяшчэння былой Уваскрасенскай царквы, зруйнаванай бальшавікамі на мяжы 20–30-х гадоў.

На гэтую прапанову таварыства і не атрымала адказу. Антон Астаповіч распавёў, што яму і раней даводзілася звяртацца ў царкоўныя арганізацыі ды колькі разоў адказу не было. Тыя лісты накіроўваліся рэлігійным арганізацыям яшчэ да ўступлення ў сілу апошняй рэдакцыі закону аб зваротах грамадзянаў, паводле якога цягам месяца на пісьмовыя звароты грамадзянаў мусяць адказваць не толькі чыноўнікі, але арганізацыі ды ўстановы.

Юрыст Уладзімір Малей кажа, што рэлігійныя арганізацыі ў тым ліку мусяць кіравацца законам аб зваротах грамадзянаў: “Рэлігійныя арганізацыі забавязаныя кіравацца Канстытуцыяй, законамі Беларусі. Але тут ёсць пытанне, ці правамерна патрабаваць прыцягнення да адказнасці менавіта Філарэта. Варта прасіць правесці пракурорскае правяранне, выявіць адказных за парушэнне, зрабіць захады паводле факту парушэння заканадаўства, прыцягнуўшы да адказу асобаў, якія дапусцілі парушэнне”.

Спадар Малей зазначае, што гэта пракуратура мусіць вызначыць адказных асобаў рэлігійнай арганізацыі, якія парушылі закон аб зваротах грамадзянаў.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў