Беларуская рада культуры абвясціла збор памяці Алеся Пушкіна


Беларуская рада культуры абвясціла збор памяці Алеся Пушкіна. Пра мэты збору і захады, што робяцца для ўшанавання памяці загінулага ў вязніцы мастака, у інтэрвʼю «Белсату» расказаў кіраўнік БРК Сяргей Будкін. 

Сяргей Будкін. Скрыншот з відэа: Белсат

13 ліпеня Беларуская рада культуры абвясціла дабрачынны збор сродкаў памяці Алеся Пушкіна. Паводле кіраўніка рады Сяргея Будкіна, сродкі будуць накіраваныя на помнік мастаку і працу дзеля ўшанавання ягонай памяці. Таксама збор стане выказваннем падтрымання родным і блізкім загінулага ў няволі палітвязня.

«Пастанавілі адразу, бо хочацца зрэагаваць, каб і дапамагчы, і абʼяднаць людзей вакол гэтай місіі дапамогі, каб хаця б неяк паказаць тым, хто яго ведаў, ягоным родным і блізкім, што яны не адныя», – адзначыў Сяргей Будкін.

Кіраўнік БРК кажа, што з багатай творчай спадчынай Алеся трэба працаваць, парадкаваць і каталагізаваць, праводзіць працу дзеля ўшанавання памяці Алеся. Перш за ўсё ідзецца пра помнік на магілу.

«Гэта вымагае грошай, вымагае працы спецыялістаў, таму мы зрабілі асобны рахунак у сябе ў арганізацыі. Гэтыя грошы або будуць ляжаць у чаканні, або будуць пералічаныя паводле дамоўленасці з тымі людзьмі, якія захочуць апекавацца спадчынай Алеся. Таму гэты працэс будзе няхуткім. Але магу сказаць, што за некалькі гадзінаў мінімальная сума была сабраная, збор працягваецца. Усе гэтыя грошы належаць Алесю», патлумачыў Будкін.

Тэхнічна збор арганізаваны на пляцоўцы getdonate.org, распрацаванай беларускімі айцішнікамі. Гэтая пляцоўка служыць мэтам збору ад імя Рады культуры. Гэтая сістэма непасрэдна звязаная з рахункам арганізацыі, што, са словаў кіраўніка БРК, дазваляе сабраныя сродкі затым пералічыць непасрэднаму адрасату без камісіі.

Спасылка на збор памяці Алеся Пушкіна змешчаная ў нашым матэрыяле. Яе таксама можна знайсці на сайце getdonate.org і на пляцоўках Беларускай рады культуры ў сацыяльных сетках.

Hавiны
У вёсцы Бобр на Меншчыне развітваюцца з Алесем Пушкіным
2023.07.13 12:24

Сяргей Будкін таксама расказаў, што грунтуецца на прынцыпе ўшанавання творцаў пры жыцці. Таму на знак падтрымання і павагі да Алеся Пушкіна яшчэ пры ягоным жыцці праводзіліся пэўныя імпрэзы. Калі ён быў ужо ў турме, БРК ладзіла канцэрт у ягонае падтрыманне на дзень народзінаў, які паказвалі некалькі разоў. Таксама на Дзень палітвязняў у офісе Рады культуры паказалі  некалькі дакументальных фільмаў, адным з герояў якіх быў Алесь. Цяпер паказ хочуць паўтарыць.

«Гэта першыя дзеі, з увагі на тое, хто такі Алесь Пушкін, што ён зрабіў, каб зразумець маштаб ягонай асобы і ягоны ўнёсак у развіццё беларускай культуры. Вось гэтую працу першым часам прынамсі вярхамі хацелася б зрабіць. Далей гэтая праца будзе вымагаць падключэння мастацтвазнаўцаў, тых, хто яго ведае, хто мае доступ да ягоных архіваў. Бо працы Алеся захоўваюцца ў розных месцах і першае, што трэба зрабіць, – гэта каталагізаваць іх», – кажа кіраўнік БРК.

Будкін падкрэслівае, што працы трэба правесці шмат, гэта справа не адной асобы, БРК будзе яе падтрымліваць, бо «Алесь пакінуў багатую спадчыну і нашая задача – гэта далей перадаць».

Сяргей Будкін таксама адзначыў вялікую актыўнасць ахвярадаўцаў у такіх праектах. Падзеі, калі чалавек у бядзе ці яго ўжо няма з намі, «знаходзяць водгук у беларусаў імгненна». Сяргей прывёў прыклады збораў пасля смерці тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава, калі рэакцыя была імгненнай. Гэтаксама хутка беларусы зрэагавалі і сабралі сродкі на падтрыманне сямʼі артменеджара Паўла Белавуса, калі таго затрымалі, і на іншыя выпадкі:

«Для беларусаў імёны музыкаў, мастакоў, творцаў нешта значаць. Тое, што гэта актыўныя грамадзяне Беларусі, таксама дадае павагі і ўвагі. На жаль, хацелася зрабіць збор пры жывым Алесі на ягоную выставу, але вот даводзіцца ўжо постфактум. Пры жыцці я яму паспеў нешта сказаць прыватна. Мы паспелі нешта зрабіць пра яго пры жыцці. Спадзяюся, што гэта яго хоць трошкі падбадзёрыла і дайшла гэтая інфармацыя да яго. Бо, на жаль, скупыя звесткі даходзяць пра Алеся і іншых палітвязняў. І хутчэй хочацца, каб хоць неяк іх падмацоўвала інфармацыя з волі».

Старонка збору памяці Алеся Пушкіна. Скрыншот: getdonate.org

Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня на 58-м годзе жыцця. Яго ў непрытомным стане даставілі ў гарадзенскую больніцу з прабадной язвай. Адміністрацыя турмы не аказала палітвязню своечасовай дапамогі.

13 ліпеня яго пахавалі на радзіме, у вёсцы Бобр Крупскага раёну Менскай вобласці.

Алесь Пушкін – беларускі мастак, жывапісец-нонканфарміст, перформер, арт-куратар. Яго затрымалі ў сакавіку 2021 года і пакаралі 5 гадамі калоніі за нібыта глумленне з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК РБ) і распальванне варожасці або разладу (ч. 3 арт. 130 КК).

Hавiны
Аб’яднаны пераходны кабінет пасмяротна ўганараваў Алеся Пушкіна
2023.07.13 11:12

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў