Беларусам з пратэрмінаванымі пашпартамі пачалі прыходзіць лісты з МУС


Некаторым беларусам пачалі прыходзіць лісты з аддзелаў па грамадзянству і міграцыі (АГІМ) МУС з папярэджаннем, што ім можа пагражаць штраф у выпадку нясвоечасовай замены дакументу, піша выданне «Зеркало».

Беларускі пашпарт і часовы від на жыхарства у Літве. Вільня, Літва. 27 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Згодна з інфармацыяй выдання, вядома ўжо пра два выпадкі атрымання такіх лістоў.

«У адпаведнасці з ч. 3 арт. 24.33 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, пражыванне без дакументаў, якія сведчаць асобу, або па несапраўдных дакументах, якія сведчаць асобу, цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры да чатырох базавых велічыняў», – прыводзіць вытрымку з такога ліста выданне.

Журналісту «Зеркала» ўдалося патэлефанаваць у розныя аддзелы АГІМ МУС пад выглядам грамадзяніна, якія жыве за мяжой і не можа атрымаць дакумент. У аддзеле Маскоўскага РАУС Менска журналісту паведамілі, што такія лісты – гэта проста паведамленне пра адказнасць, а штрафаваць бліжэйшымі месяцамі людзей ніхто не будзе. Калі цягам года прыехаць і абмяняць дакумент, то «ўсё будзе ў парадку».

Лісты з такім зместам прыходзяць некаторым беларусам з пратэрмінаванымі пашпартамі.
Фота: «Зеркало»

У аддзеле Савецкага РАУС паведамілі, што каб пазбегнуць штрафу, трэба паведаміць ім аб наяўнасці ВНЖ краіны цяперашняга пражывання ці іншага статусу легалізацыі. Пры гэтым журналісту сказалі, што штраф можа быць выстаўлены толькі ў тым выпадку, калі чалавек фізічна прысутнічае ў краіне.

Паводле каментара, які ўзялі журналісты ў юрысткі Марыі Колесавай-Гудзілінай, людзей, якія жывуць у краіне з пратэрмінаванымі дакументамі, заўсёды было вельмі шмат. Раней ім выстаўлялі штрафы тады, калі яны прыходзілі мяняць пашпарт, зараз жа проста сталі рассылаць паведамленні тым, хто знаходзіцца за мяжой. На думку юрысткі, такія лісты – гэта проста папярэджанне, пры выстаўленні ж штрафу чалавеку будзе высылацца «адпаведнае паведамленне» аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці.

Пры гэтым Марыя Колесава-Гудзіліна адзначае, што зараз ва ўладаў стаіць задача – «вылічыць людзей, якія легалізаваныя за мяжой паводле гуманітарных падставаў».

Нагадаем, што ў верасні мінулага года Аляксандр Лукашэнка падпісаў адмысловы загад, згодна з якім цяпер немагчыма абменьваць беларускія пашпарты ў пасольствах і консульствах за мяжой.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў