Венесуэлу можа ўзначаліць праўнук жыхароў Радуні


За месца Уга Чавэса пазмагаюцца губернатар штату і былы кіроўца аўтобусу. Прэзідэнцкія выбары ў Венесуэле прызначылі на 14 красавіка.

Нікаляс Мадура. Фота facebook.comНікаляс Мадура. Фота facebook.com40-гадовы губернатар аднаго з цэнтральных штатаў краіны Энрыке Капрылес ужо змагаўся за першую пасаду ў дзяржаве. На леташніх прэзідэнцкіх выбарах Уґа Чавэс апярэдзіў яго толькі на 10 %. Цяпер ён паспаборнічае з Нікалясам Мадурам, пераемнікам Чавэса, які цяпер кіруе краінаю. Капрылес ужо абвінаваціў яго і венесуэльскі ўрад у парушэннях Канстытуцыі.

Дзядулеў кінатэатр

Прабабуля і прадзядуля Капрылеса з матчынага боку паходзілі з мястэчка Радунь, што цяпер у Воранаўскім раёне Гарадзенскай вобласці. Яны загінулі ў канцлагеры Трэблінка ў акупаванай немцамі Польшчы. Дзед яшчэ перад вайною займаўся арганізацыяй кінапаказаў.

Падчас Другой сусветнай вайны ён далучыўся да руху супраціву, дзякуючы чаму змог уратаваць жонку з варшаўскага гета, пасля вайны з’ехаць разам з ёю ў Венесуэлу і адкрыць у 1947 годзе першы кінатэатр. Пазней ягоная фірма стала ўладальніцаю ўжо цэлай сеткі кінатэатраў.

Маці кандыдата на прэзідэнта нарадзілася ўжо ў Венесуэле. Бацька мае галандскія карані, ён зрабіў добрую кар’еру ў бізнесе – у галіне медыяў і нерухомасці. Так што Капрылес паходзіць з матэрыяльна забяспечанай сям’і, дзякуючы чаму скончыў прэстыжныя вучэльні ў сябе на радзіме. Пасля ўніверсітэту працаваў у падатковай інспекцыі, пазней – адвакатам.

Спроба дзяржаўнага перавароту і месяцы за кратамі

У палітыцы – з канца 1990-х. Належыць да партыі “Справядлівасць – перадусім”. Пасля прыхода Чавэса да ўлады Капрылеса двойчы абіралі кіраўніком адміністрацыі Баруты – аднаго з 5 мікрараёнаў венесуэльскай сталіцы. У 2002 годзе прыхільнікі прэзідэнта абвінавацілі яго ў кіраванні асадаю амбасады Кубы, якая акурат і месцілася на падначаленай яму тэрыторыі. Капрылес цвердзіў, што хацеў спыніць дэманстрантаў. Гэта адбылося падчас няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў Венесуэле. Пасля колькіх месяцаў за кратамі з яго знялі абвінавачанні.

У 2008-м стаў губернатарам штату Міранда, другога з велічыні ў краіне, перамогшы ў гонцы са стаўленікам Чавэса.

З кіроўцы аўтобусу да віцэ-прэзідэнта

50-гадовы Нікаляс Мадура быў звычайным кіроўцам аўтобусу, кар’еру зрабіў у прафсаюзе. Паводле 2 апошніх апытанняў грамадскай думкі, у выбарах пераможа ён.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў