«Макдак» у рэгіёны! Прадукцыя сталічнага «McDonalds’у» даступная і жыхарам правінцыі


Але толькі ў выходныя. У Бабруйску мясцовы прадпрымальнік прапаноўвае жыхарам гораду паслугу ў транспартаванні ежы са знакамітай рэстарацыі фаст-фуду.

Замовіць ежу можна на адмысловым сайце ў любы дзень і час. А атрымаць свой “улюбёны біг-мак”, як паведамляе сайт паслугі, можна кожную суботу і нядзелю наўпрост дадому на вячэру, бо час дастаўкі – з 18-й да 22-й гадзіны.

Падвынікаваўшы ўсе замовы за тыдзень, у суботу прадпрымальнік Міхаіл Самец выпраўляецца ў Мінск, дзе набывае ў “McDonalds’е” ўсё адпаведна з лістом замоваў, а потым хуценька вязе фаст-фуд у Бабруйск. Як распавёў Міхаіл, набывае ежу ў рэстарацыі як звычайны кліент, то бок ніякай дамовы з установаю на распаўсюд няма. Такім чынам, рэстарацыя не нясе і ніякай адказнасці за якасць таго, што бабруйчане атрымаюць да вячэры ў свае выходныя.

Замовіць можна ўвесь асартымент прадукцыі “McDonalds’у”. Кошты такія ж, як і ва ўстановах Менску. Але ў дадатак трэба заплаціць за дастаўку, якая абыдзецца ў 50 тысячаў, калі ў замове да 10 найменняў. Калі больш – гэта ўжо лічыцца, як новая замова, і кошт дастаўкі падвойваецца.

На пытанне пра тое, хто ў Бабруйску замаўляе ежу з “McDonalds’у”, Міхаіл кажа, што найбольшаю папулярнасцю фаст-фуд карыстаецца ў маладзёнаў 18–20 гадоў, а таксама бацькі часта замаўляюць “Happy meal” дзецям.

Міхаіл працуе з “McDonalds’ам” пакуль толькі месяц і не бярэцца прадказваць, ці будзе паслуга мець сталы попыт. Але на сёння праца не акупляецца, і найбліжэйшым часам яшчэ трэба будзе рабіць высновы – ці працягваць яе, ці не.

На бабруйскіх сайтах у каментарах людзі пішуць, што не бачаць сэнсу ў такой паслузе.

Loner: “Ці не лягчэй у нас адчыніць “McDonalds’ам”, чымся везці астылае?…Бздура нейкая!”

Невядомы: “Есці гэта пасля астывання немагчыма, ніякая мікрахвалёўка не ўратуе”.

На гэта Міхаіл адказвае, што гэта ўжо выбар кожнага чалавека – замаўляць ці не: “Мы покуль не можам падчас перавозкі забяспечыць умовы, каб ежа не астывала цягам 2–3 гадзінаў [менавіта столькі і займае дарога ад сталіцы да Бабруйску – М. М]. А смачна ці не – гэта ўжо ў кожнага свае густы. Але ў Бабруйску няма “McDonalds’у”, таму людзі замаўляюць”.

Развязаць праблему астывання ежы павінны дапамагчы адмысловыя тэрматорбы, што Міхаіл збіраецца пачаць выкарыстоўваць найбліжэйшым часам. Яны дазваляюць захоўваць прадукты цёплымі цягам 12 гадзінаў.

У Бабруйску на сёння “McDonalds’у” няма, як, зрэшты, і ў іншых беларускіх гарадах, апроч Менску. Адкрыць рэстарацыю фаст-фуду такога кшталту 2 гады таму планавалі расейцы ў адным з будынкаў бабруйскай крэпасці. Але гэтыя планы так і не здзейсніліся.

М.М.belsat.eu

Стужка навінаў