Развітанне з зімою. Беларусы святкуюць Масленіцу


З 11 сакавіка пачынаецца святкаванне Масленіцы. Людзі сустракаюць вясну і пякуць бліны – сімвал Сонца. Масленіца – свята, якое захавалася яшчэ з язычніцкіх часоў. У хрысціянскай традыцыі гэта апошняя магчымасць павесяліцца і добра пад’есці перад пачаткам Вялікага посту.

Раней кожны дзень Масленіцы меў сваю асаблівасць. Напрыклад, у чацвер аб’язджалі маладых коней, коўзаліся на санках з горак. Лічылася, што чым больш будзеш ездзіць, тым вышэйшы вырасце лён. У пятніцу зяці хадзілі да цёшчы на бліны, прычым без сваёй цудоўнай паловы.

У апошні дзень Масленіцы (Даравальная нядзеля) прынята было хадзіць у госці да сваякоў ці збірацца ўсёй сям’ёй у хаце. У гэты вечар шмат у якіх мясцінах Беларусі праводзіўся цікавы і ўрачысты абрад. Пасля вячэры гаспадар садзіўся ў строгім і набожным настроі. А да яго па чарзе падыходзілі браты і сыны, пасля – жанчыны, кланяліся да зямлі і казалі: «Даруй, бацька родны, калі чым саграшыў(-ла) перад табою справаю ці языком». Выслухаўшы ўсіх, гаспадар таксама кланяўся да зямлі ўсёй сям’і, просячы гэткім чынам прабачэння за ўсе свае грахі ды памылкі.

У Беларусі ў ваенныя і пасляваенныя гады святкаванні Масленіцы былі прыпыненыя. Але ўжо бліжэй да 1990-х гэтае свята зноў набыло сваю папулярнасць. Коўзанні на санях, спальванне пудзіла, выпяканне розных бліноў і спартовыя спаборніцтвы – гэтыя і шмат якія іншыя мерапрыемствы штогод праводзяцца ў розных мясцінах Беларусі.

Сёлета адзначыць масленіцу можна будзе ў гарадскіх парках культуры і адпачынку. Напрыклад, у «Сілічах» святочныя мерапрыемствы адбудуцца 16 сакавіка. У музеі «Дудуткі» 16–17 сакавіка. Таксама 17 сакавіка ў Паставах адбудуцца гулянні. Розныя аграсядзібы і базы адпачынку Беларусі адкрыюць свае дзверы для тых, хто жадае акунуцца ў святочную атмасферу Масленіцы.

Дзіяна Шыцік, belsat.eu

Стужка навінаў