Рэктара Гарадзенскага ўніверсітэту звольнілі за «Гродназнаўства»?


Чаму на пасадзе кіраўніка Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту Яўгена Роўбу змяніў майстар дыстанцыйнай адукацыі Андрэй Кароль?

Яўген Роўба. Фота edu.gov.byЯўген Роўба. Фота edu.gov.byЯўген Роўба узначаліў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў 2005 годзе. Пасада дасталася яму ў спадчыну ад Сяргея Маскевіча, які спачатку стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Народнага Сходу, а пасля – міністрам адукацыі.

Скандал з падручнікам «Гродназнаўства» разгарэўся летась у верасні, калі з фармулёўкаю «за парушэнне працоўнай дысцыпліны» з ГрДзУ звольнілі аднаго з аўтараў – Андрэя Чарнякевіча. За два дні да звальнення выкладчыка тэрмінова выклікаў да сябе загадчык Цэнтру кадравай і прававой работы ўніверсітэту. Падчас размовы ў кабінеце прысутнічалі загадчык аддзелу бяспекі ўніверсітэту і працаўнік КДБ. Галоўнаю тэмай размовы быў падручнік «Гродназнаўства».

Андрэй Чарнякевіч. Фота belsat.euАндрэй Чарнякевіч. Фота belsat.euПаводле неафіцыйнай інфармацыі, прэтэнзіі з боку ідэолагаў да аўтараў кнігі палягаюць на тым, што ў ёй ёсць выявы гербу «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцягу, а таксама на тым, што падручнік заканчваецца 1991 годам і не разглядае гісторыі Горадні ў перыяд незалежнасці Беларусі. «Гродназнаўства» выйшла ў выдавецкай серыі «Гарадзенская бібліятэка», заснаванай лідарам руху «За Свабоду!» Аляксандрам Мілінкевічам.

Пасля Андрэй Чарнякевіч спрабаваў аднавіцца на працы, але безвынікова. Змагаючыся за сваё вяртанне на пасаду, ён разаслаў у медыі адкрыты ліст да першай прарэктаркі Святланы Агіявец, якая курыруе ідэалагічную працу і кіраванне персаналам. У тэксце былі такія словы: «Шчыра разлічваю на перагляд рашэння і адмену зробленай мне заўвагі».

Спадарыня Агіявец заняла варожую пазіцыю ў дачыненні да аўтараў «Гродназнаўства». Дарэчы, менавіта яе шмат хто разглядаў як будучага рэктара ГрДзУ. Чуткі пра тое, што Роўба страціць сваю пасаду, пачаліся яшчэ перад скандалам з «Гродназнаўствам». {movie}Год таму гродзенскае тэлебачанне прысвяціла дакументальны фільм|right|9456{/movie}

Андрэй Кароль. Фота grsmu.byАндрэй Кароль. Фота grsmu.byЯшчэ адным прэтэндэнтам лічыўся дэкан факультэту эканомікі ды кіравання Уладзімір Фацееў. Дарэчы, менавіта на гэтым факультэце і працаваў Андрэй Чарнякевіч. Тэарэтычна скандал з падручнікам мог перашкодзіць Фацееву ў атрыманні пасады рэктара.

І вось, нечаканы вынік: указам Лукашэнкі рэктарам ГрДзУ зацверджаны загадчык кафедры педагогікі педагагічнага факультэту Андрэй Кароль, які ўладкаваўся сюды на працу толькі летась. Сам ён, што праўда, выпускнік Купалаўскага ўніверсітэту, які цяпер і ўзначаліў (скончыў фізіка-тэхнічны факультэт).

Аўтар і вядоўца 23 дыстанцыйных курсаў, 5 навукова-практычных семінараў. Намеснік старшыні аргкамітэту ўсерасійскіх конкурсаў «Дыстанцыйны настаўнік года», «Дыстанцыйная школа года», «Дыстанцыйная педагагічная практыка», усерасейскіх вучнёўскіх дыстанцыйных канферэнцыяў (Расейская акадэмія адукацыі, Масква).

Узнагароджаны граматамі Расейскай акадэміі адукацыі за ўнёсак у рэалізацыю творчага патэнцыялу навучэнцаў і педагогаў (2009, 2010), медалём Сакрата за навуковыя даследаванні ў галіне эўрыстычнага навучання (2010), Ганароваю граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2011). Сябра навуковай рады Інстытуту адукацыі чалавека (г. Масква).

З 1999 да 2000 года працаваў ў гарадзенскім філіяле Інстытуту сучасных ведаў. Дарэчы, каштоўную матэрыяльную базу гэтай прыватнай ВНУ у Горадні разам з будынкам паступова падмяў пад сябе ГрДзУ, што скончылася закрыццём філіялу.

У медычны ўніверсітэт спадар Кароль прыйшоў у 2002-м. Займаўся там перадусім інфармацыйнымі тэхналогіямі ў адукацыі, кіраваў кафедраю псіхалогіі ды педагогікі. Ён вядомы як адмысловец у дыстанцыйнай адукацыі, кар’еру будаваў праз Расею, дзе ў 2010-м стаў доктарам педагагічных навук. Тэма дысертацыі ў ягонай біяграфіі на сайце медычнага ўніверсітэта не была ўказана.

Звычайна прызначэнне на пасаду рэктара асобы не з ліку кіраўніцтва гэтай ВНУ лічыцца нядобрым знакам, асабліва для тых працаўнікоў, якія кіравалі маёмасцю. Гэта значыць, што справа можа скончыцца абвінавачаннямі ў карупцыі.

У пераліку супрацоўнікаў на сайце ГрДзУ Яўгена Роўбы няма. Інфармацыя на ягонай персанальнай старонцы не абнаўлялася з ліпеня.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары