Папа Рымскі адправіў «Буквар» Колі Лукашэнкі ў музей?


Елка ад Януковіча, энцыклапедыя ад Мядзведзева і электронная футболка ад партугальскіх студэнтаў: «Белсат» пастанавіў высветліць, што дарылі Бэнэдыкту XVI і які лёс чакае гэтыя рэчы пасля выйсця Папы на пенсію.

Сёння – апошні дзень працы Бэнэдыкта XVI на пасадзе кіраўніка каталіцкага касцёлу. З 28 лютага Папу будуць называць «Яго Святасць Бэнэдыкт XVI», «Папа на пенсіі» або «Рымскі Пантыфік на пенсіі». Ён будзе апранаць белую сутану без пелярыны і не мусіць абуваць чырвоныя чаравікі. Пярсцёнак Рыбака знішчаць: такія правілы.

Коля Лукашэнка ўручае Пантыфіку Коля Лукашэнка ўручае Пантыфіку “Буквар”. Фота reuters.comДзе шукаць «Буквар»?

Пра лёс расейскага «Буквара», які Коля Лукашэнка падарыў Бэнэдыкту XVI падчас візіту кіраўніка Беларусі ў Ватыкан у 2009 годзе, «Белсат» вырашыў даведацца ў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Паводле журналіста Аляксандра Панчанкі, у Ватыкане існуе адмысловы музей для падарункаў, які атрымлівае Папа Рымскі. У прыватнасці там шмат карцінаў, іконаў, кубкаў, статуэтак. Хутчэй за ўсё туды ж трапіў і Колевы «Буквар». Доступ у музей мае абмежаванае кола людзей.

Наўрад ці Пантыфік возьме гэтую кнігу ў якасці чытва ў дарозе з Ватыкану да летняй папскай рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфе (прыкладна за 30 км на паўднёвы захад ад Рыму). Сёння ён вылеціць туды шрубалётам.

Былы дом садоўніка - будучая рэзідэнцыя Бенедыкта XVI. Фота be.radiovaticana.vaБылы дом садоўніка – будучая рэзідэнцыя Бенедыкта XVI. Фота be.radiovaticana.vaУ рэзідэнцыі Бэнэдыкт XVI будзе чакаць, пакуль для яго ў Ватыканскіх садах падрыхтуюць былы дом садоўніка, перабудаваны па загадзе Яна Паўла ІІ у кляштар Матэр Эклессія (Маці Касцёла) для кляўзуровых сясцёр, якія вялі безупынную малітву за Папу і Касцёл. Манашкі пакінулі яго ў верасні 2012 года. Узімку там пачалася рэканструкцыя. Жылая плошча складае 450 квадратных метраў.

Якія яшчэ падарункі атрымліваў Бэнэдыкт XVI?

Прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў, як і Аляксандр Лукашэнка, вырашыў, што найлепшы падарунак – кніга. Падчас візіту ў апостальскую сталіцу ў 2011-м ён прывёз Пантыфіку новы том Праваслаўнай энцыклапедыі. Прымаючы яго, Папа выказаў шкадаванне, што гэтак і не вывучыў расейскай мовы. Уладзімір Пуцін у 2007-м падараваў ікону «Свяціцель Мікалай Цудатворца».

У Ватыкане ўсталёваюць елку Януковіча. Фота be.radiovaticana.vaУ Ватыкане ўсталёваюць елку Януковіча. Фота be.radiovaticana.vaА вось прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч знайшоў больш свежае рашэнне. На Божае Нараджэнне 2011 года ён адправіў аўтацягніком у Ватыкан 30-метровую елку. Праўда, летась у гонар 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносінаў ён падараваў Пантыфіку рэдкае выданне Евангелля.

Летась, на 7 гадавіну пантыфікату і 85-годдзе з дня нараджэння прэзідэнт Італіі Рыкарда Муці прэзентаваў Папу, знаўцу гісторыі музыкі, старажытную скрыпку і аўтограф нотнага рукапісу бетховенаўскай «Урачыстай месы». У год свайго юбілею Бенедыкт XVI атрымаў адразу два “папамабілі”: ад канцэрнаў «Рэно» («Renault») і «Мерседэс-Бенц» («Mercedes Benz»).

Каталіцкі ўніверсітэт Партугаліі прыдумаў адзін з самых арыгінальных падарункаў – электронную футболку «VitalJacket», якая дазваляе пастаянна адсочваць рытм сэрца яе ўладальніка. Звесткі перадаюцца на прыстасаванне, схаванае ў кішэні.

{movie}Бенедыкту XVI уручаюць “VitalJacket”|right|9416{/movie}Не менш цікавы сувенір паступіў высокапастаўленаму меламану ад імя ўніверсітэту гораду Порту: гітара, вырабленая з вугляроднай паперы – «звышлёгкая» і «ўстойлівая да зменаў надвор’я». Яе вырабілі з дапамогаю тэхналогіяў, якія раней выкарыстоўвалі толькі ў касмічнай прамысловасці.

У 2005 годзе у Польскім доме ў Рыме зрабілі выставу 10 тыс. падарункаў, паднесеных Папе Яну Павалу II палякамі з розных куткоў свету. Сярод іх былі скульптуры, зробленыя з вугля і солі з польскіх шахтаў; ружанец, у якім замест пацерак былі зацвярдзелыя шарыкі з хлебных мякішаў, сабраныя адным з вызваленцаў Асвенціму; шалом паляка-пажарніка, які выжыў у Нью-Ёрку 11 верасня.

Што будзе з рахункам у “Тўітэры”?

Акаўнт Папы ў “Тўітэры” прыпыніць сваю дзейнасць 28 лютага а 20:00 – калі Бэнэдыкт XVI спыніць служэнне на пасадзе св. Пятра. Сакратар Папскай рады ў пытаннях сродкаў масавай камунікацыі кс. прэлат Пол Тай распавёў журналістам, што паведамленняў на профілі не будуць змяшчаць да выбару новага Пантыфіка. Апошні мусіць пастанавіць, ці будзе дзеяць папскі акаўнт у “Тўітэры”, які, стартаваўшы ў снежні 2012 года, набраў 3 млн карыстальнікаў.
“Папамабіль” ад канцэрну “Мерседэс-Бэнц”. Фота latimes.com

Аліна Кашкевіч, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

Глядзі таксама
Каментары