КДБ зацікавіўся Цэнтрам правоў чалавека


Ператрусы прайшлі ў памяшканні Цэнтру і ў кватэры ягонай кіраўніцы – Раісы Міхайлоўскай.

Як патлумачыла “Белсату” Раіса Міхайлоўская, працаўнікі КДБ шукалі рэчы, якія дапамаглі б расследаваць крымінальную справу аб масавых закалотах 19 снежня. “Мне заявілі, што паколькі я была даверанай асобай Уладзіміра Някляева, значыць, удзельнічала ў акцыі, якая перарасла ў масавыя закалоты”, – распавяла Раіса Міхайлоўская.

Яна паведаміла, што з офісу вынеслі 3 сістэмныя блокі камп’ютараў, з дому забралі стары мабільны тэлефон і 3 пустыя флэш-карты.

Цяпер праца цэнтру цалкам паралізаваная. Паводле Раісы Міхайлоўскай, просьба праваабаронцаў пакінуць у офісе хаця б адзін сістэмны блок, з юрыдычнаю базаю, неабходнаю для дапамогі кліентам, засталася непачутаю. “Ідзе масавая зачыстка, нейкія незразумелыя нармалёвым людзям закулісныя гульні. На жаль, мы вымушаныя выдаткоўваць на гэта свае нервы і час, які б маглі выкарыстаць на добрыя справы”, – абураецца Раіса Міхайлоўская.

Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр правоў чалавека” зарэгістравана ў 1998 г. Аказвае бясплатную прававую дапамогу грамадзянам у выпадку парушэння іхных правоў, а таксама праводзіць маніторынг выканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Працуюць у цэнтры пераважна валанцёры.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары