Алесь Бяляцкі: Улады імкнуцца знішчыць грамадзянскую супольнасць


Месяц рэпрэсіяў пад прыкрыццём крымінальнай справы аб беспарадках, паводле праваабаронцы Алеся Бяляцкага, маюць на мэце знішчэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ды адцягненне ўвагі выбарцаў ад фальсіфікацыяў вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі адзначыў, што ўлады Беларусі з дапамогаю рэпрэсіяў намагаюцца таксама “максімальна зменшыць актыўнасць грамадзянскай супольнасці, каб яна пераключылася на самазахаванне”.

“У гэтай сітуацыі мы не павінны сядзець склаўшы рукі. Мы як праваабаронцы будзем працягваць сваю працу па дапамозе ахвярам палітычных рэпрэсіяў”, – падкрэсліў Алесь Бяляцкі ў інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Тым часам самыя праваабаронцы адчуваюць на сабе ціск з боку спецслужбаў. Днямі працаўнікі КДБ правялі ператрусы ў офісе праваабарончага цэнтру “Вясна”, а таксама ў кватэры і на лецішчы кіраўніка арганізацыі, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. Службоўцы забралі адзін ноўтбук і старыя паперы, што датычаць дзейнасці арганізацыі. Алесь Бяляцкі праходзіць у справе аб масавых закалотах 19 снежня ў якасці сведкі.

Спецслужбы таксама пераследуюць грамадскіх актывістаў, прадстаўнікоў палітычных партыяў ды ўдзельнікаў Плошчы-2010. “У Беларусі зараз адбываецца палітычны разгром дэмакратычнай апазіцыі, прынамсі, так лічаць улады. А крымінальная справа аб беспарадках – яўна палітычна матываваная”, – падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

belsat.eu

https://youtu.be/LHMJui2AFFc

Глядзі таксама
Каментары