Ганна Слатвінская: Творчы чалавек не можа абстрагавацца ад падзеяў у краіне


Спектакль «Івэн Шыпмен у кафэ «Ліла» – гэта рэакцыя на падзеі 19 снежня. Пра гэта кажуць студэнты лабараторыі «Fortinbras» пры беларускім «Свабодным тэатры». „Ніводзін творчы калектыў не адрэагаваў на падзеі 19 снежня, а ў дзяржаўных СМІ на гэты конт толькі хлусня”, – падкрэсліла Ганна Слатвінская, прадстаўніца творчай лабараторыі.

Спектакль «Івэн Шыпмен у кафэ «Ліла» прысвечаны ўсім, хто пацярпеў падчас разгону Плошчы-2010 ды хвалі рэпрэсіяў пасля выбараў. „Калі ты лічыш сябе творчаю асобаю, ты не можаш абстрагавацца ад таго, што адбываецца ў свеце і тваёй краіне, і таму ты абвязаны на гэта рэагаваць, – кажа Ганна Слатвінская. – Можна рабіць нейкія палітычныя рэчы, жорсткія. А можаш прысвяціць сваю дзейнасць таму, што па-за межамі палітыкі. Творчы чалавек павінны рэагаваць на тое, што адбываецца вакол яго, а не толькі клапаціцца пра свой унутраны сусвет”.

„Спектакль прысвечаны падзеям 19 снежня ў Менску і па-за Менскам, – дадае драматург і рэжысёр Мікіта Валадзько. – Пра гэта нельга маўчаць. Штосьці змяніць у гэтай краіне можна толькі знутры. І прысвячаючы спектакль падзеям 19 снежня, мы паказваем рэжыму, што мы існуем, што не маўчым і маўчаць не будзем. Хоць спектакль з’яўляецца, фактычна, апалітычным”.

belsat.eu

https://youtu.be/IMu39LLQRks

Глядзі таксама
Каментары