Белсатаўцы пішуць палітвязням: Паштоўка Севярынцу


«Белсат» працягвае марафон салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Вядоўца праграмаў Дзмітры Гурневіч падпісаў паштоўку да Паўла Севярынца, які адбывае пакаранне на Берасцейшчыне.

Аднаго з лідараў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца арыштавалі 20 снежня 2010 г. і прысудзілі 16 траўня 2011 г. да 3 гадоў пазбаўлення волі «за арганізацыю і ўдзел у мерапрыемствах, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Сёння апазіцыйнага дзеяча трымаюць на ферме ў в. Куплін Пружанскага раёну, дзе ён выконвае офісную і фізічную працу. Гэта ўжо другі вырак.

{movie}Белсатаўцы пішуць палітвязням: паштоўка Севярынцу|right|8803{/movie}Першы раз Севярынца асудзілі ў 2005-м – за пратэст супраць рашэння Лукашэнкі трэці раз выставіць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. Тады актывіст атрымаў 3 гады папраўчых працаў. Прысуд зменшылі да 2 гадоў, якія асуджаны правёў у лясным гадавальніку.

«Я захапляюся тваёй мужнасцю і адданасцю справе, якая стала мэтаю твайго жыцця. Дзякуючы такім людзям, як ты, беларусам у сваёй гісторыі ўдавалася значна больш, чым ёй было наканавана воляю чужых і непажаданых дабрадзеяў. Гэта адважныя людзі, якія вераць у сваю справу, ідуць наперад з добрымі намерамі, ствараюць гісторыю, якою ганарацца нашчадкі. І менавіта такія людзі абавязкова зробяць Беларусь краінаю нашых мараў», – напісаў Дзмітры Гурневіч Паўлу Севярынцу.

Ліст – самы просты і, бадай, адзіны спосаб кантакту з палітвязнямі. Паштоўкі асуджаным паводле палітычных матываў дасылаюць журналісты і вядоўцы «Белсату». Далучыся да іх і ты!

belsat.eu

Стужка навінаў