МЗС Нямеччыны абвяргае абвінавачванне ў падрыхтоўцы перавароту ў Беларусі


Прэсавы сакратар нямецкага МЗС Андрэас Пешке назваў яго “абсалютна абсурдным” і беспадстаўным.

Абвінавачанне ў тым, што Германія дапамагала рыхтаваць дзяржаўны пераварот у Беларусі, абсалютна абсурднае і беспадстаўнае, заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Германіі Андрэас Пешке 17 студзеня ў Берліне.

Нагадаем, што 14 і 15 студзеня дзяржаўная газета “Советская Белоруссия” апублікавала першыя дзве часткі артыкула “За кулісамі адной змовы”. Паводле ўказання Аляксандра Лукашэнкі ў іх змешчаны “некаторыя рассакрэчаныя дакументы пра падзеі 19 снежня”. 15 студзеня матэрыялы перадрукавалі іншыя дзяржаўныя газеты — “Рэспубліка”, “Звязда” і “Народная газета”.

У артыкулах сцяврджаецца, што да падзеяў 19 снежня ў Менску “прыклалі руку найперш спецслужбы Польшчы і Германіі”, якія фінансавалі кампанію “Гавары праўду!” на чале з Уладзімірам Някляевым, каб змяніць уладу ў краіне.

Польшчу рэдакцыя назвала “палігонам для арганізацыйнага фарміравання сілы, здольнай змяніць у Беларусі законную ўладу”: “Там былі створаныя спецыяльныя і трэніровачныя лагеры для “актывістаў”, там рыхтаваўся будучы кіруючы клас, там узгадняліся асноўныя знешнепалітычныя рашэнні з прыцягненнем дыпламатычнага корпуса”, — падкрэсліваецца ў артыкуле.

Паводле прэсавай службы польскага МЗС, 14 студзеня ў ведамства быў выкліканы беларускі пасол Віктар Гайсёнак, якому быў выказаны пратэст “у сувязі з абсурднымі сцвярджэннямі ў артыкуле”.

belsat.eu

Стужка навінаў