Чэшскі досвед: Аўтарытарызм адышоў у гісторыю


Праз тыдзень у Чэхіі адбудзецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Гэта першыя ўсенародныя выбары на найвышэйшую пасаду ў гэтай краіне – раней прэзідэнта абіраў парламент. За хадою галасавання ў першым туры назірала карэспандэнтка “Белсату” Настасся Яўмен.

Для Беларусі сістэма прызначэння прэзідэнта парламентам выглядала б суцэльным абсурдам: уявіце, што падкантрольны орган штораз легітымізуе Лукашэнку на найвышэйшай пасадзе. Прасачыць за хадою выбараў у новым фармаце накіравалася група незалежных назіральнікаў з Беларусі.

“Назіранне дае магчымасць маладым беларусам пабачыць, што выбары ва Усходняй Еўропе могуць праходзіць у адпаведнасці з прынцыпамі дэмакратычнасці. Найгалоўнейшае, што бачаць удзельнікі праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” – гэта празрысты падлік галасоў, якога, на жаль, мы не маем у Беларусі”, – распавядае Таццяна Чуліцкая, каардынатарка праекту, выкладчыца ЕГУ.

Без статусу

Прыгоды пачаліся, калі выявілася, што ў чэшскім выбарчым заканадаўстве ў прынцыпе адсутнічае рэгламентацыя назірання. У Беларусі пры ўзнікненні любой праблемы назіральнікі спасылаюцца на свае правы ў нацыянальным кодэксе. У Чэхіі даўно ўсё настолькі добра, што акрэдытацыі для ахвотных назіраць няма. Таму давялося працаваць, маючы на руках адно дазвол ад мясцовага МУСу сачыць за падлікам галасоў. Каб такая сітуацыя склалася ў Беларусі, адказ быў бы відавочны: няма акрэдытацыі, няма назірання. Аднак 35 назіральнікаў, якія дыслакаваліся ў розных раёнах Чэхіі, чакала прыемная неспадзяванка.

“А ў вас ёсць выбары?..”

Не абцяжараныя ціскам “зверху” і без спецаперацыяў дзеля карэктавання галасоў, сябры камісіі бавілі вольны час за чытаннем і вязаннем, але дакладна не чакалі, што да іх завітаюць “рэвізоры”. Найчасцей старшыні камісіі губляліся ад саміх словаў “mezinárodni pozorovací” (“міжнародныя назіральнікі”) і не ведалі, каму званіць – дзяржаўная выбарчая камісія ў Чэхіі дэцэнтралізаваная. Таму, кінуўшы пагляд на допуск да падліку галасоў, запрашалі паглядзець. Даведаўшыся пра краіну нашага паходжання, чэхі спачувальна пыталі, як пажывае Лукашэнка. А таксама цікавіліся, ці ёсць у Беларусі выбары як з’ява.

Участковыя камісіі фармуюцца ў Чэхіі не з настаўнікаў ці мясцовых чыноўнікаў, а з ахвотных, якіх абіраюць паводле конкурсу. Важным крытэрам ёсць прыхільнасць сябраў камісіі да розных партыяў, што забяспечвае дадатковы бар’ер ад фальсіфікацыяў.

Часам у камісіях пужаліся, што ў назіральнікаў могуць быць пэўныя карыслівыя намеры, і сутаргава камусьці тэлефанавалі, перапісвалі звесткі, падазрона паглядалі. Адзін сябра камісіі ў сталым веку жартаўліва пацікавіўся, ці мы не “праверка з Масквы”. У такія моманты адчуваўся страх зрабіць “нешта не так”, подых сацыялістычнай эпохі, калі імправізацыя скрайне не віталася. Аднак у выніку назіральнікаў дапускалі паўсюль, з чаго можна зрабіць выснову, што часы аўтарытарнага кіравання незваротна адыходзяць у гісторыю.

“Мы ўжо сёння бачым кардынальныя змены палітычнай культуры, што праяўляюцца і ў шматпартыйнай практыцы фармавання выбарчых камісіяў, і ў паводзінах сябраў камісій, а самае галоўнае – саміх выбарнікаў, якія разумеюць, што іхны голас на выбарах мае значэнне, што яны абіраюць тых, хто будзе кіраваць іхнаю краінаю. Менавіта назіранне дапамагае ўсвядоміць трансфармацыю постсацыялістычных рэжымаў. Гэтая трансфармацыя – “добрая практыка”, якая мусіць быць і на беларускіх выбарах”, – кажа Таццяна Чуліцкая.

І аватар, і японец

Хоць у парламенцкай Чэхіі роля прэзідэнта збольшага сімвалічная, барацьба за гэтую пасаду склалася нежартоўная. За званне гаспадара Пражскага граду змагаліся дзевяць кандыдатаў, сярод іх лідаравалі былы прэм’ер, сацыял-дэмакрат Мілаш Зэман (Miloš Zeman), былы міністр замежных справаў, 75-гадовы арыстакрат Карэл Шварцэнбэрг (Karel Schwarzenberg) (абодва прайшлі ў другі тур), а таксама прэм’ер-міністр часовага ўраду Ян Фішэр (Jan Fischer).

“Звычайна яўка на выбарах у краіне не надта высокая, але цяпер чакаецца актыўны ўдзел грамадзянаў. Людзям спадабалася ідэя наўпроставага выбару кіраўніка дзяржавы, аднак адзінадушнасці ў сімпатыях не назіраецца”, – адзначыла Індржышка Сылава (Jindřiška Syllová), дырэктарка Парламенцкага інстытуту Чэхіі.

Чэхі жартуюць з кандыдатаўЧэхі жартуюць з кандыдатаўТэндэнцыяй у еўрапейскай палітыцы становяцца эксцэнтрычныя кандыдаты. Увагу чэшскіх выбарнікаў прыцягнуў Владзімір Франц (Vladimír Franz), прафесар мастацтва, цела якога на 90 % пакрытае тату, за што ён праслыў “аватарам”. Шмат гаварылі і пра напалову японца Таміё Окамура (岡村 富夫, Okamura Tomio), які (парадокс) выступаў за ўпарадкаванне міграцыйных законаў.

Падчас агітацыйнай кампаніі кандыдаты атрымлівалі аднолькавыя магчымасці для палітычнай рэкламы. Як і паўсюль у Еўропе, уся краіна глядзела перадвыбарчыя дэбаты па тэлебачанні. Несумненна, ніводнаму з кандыдатаў не было выгадна адмаўляцца ад ўдзелу ў спрэчках, як тое здарылася ў Беларусі ў 2010 годзе, калі кіраўнік краіны проста праігнараваў дэбаты.

Без гачака

Беларусы робяць свой выбар, ставячы знак у бюлетэні, у той час як у Чэхіі дзеіць сістэма канвертаў. Чэхі галасуюць абазнана і зладжана, хаця працэдура вымагае пэўнай канцэнтрацыі.

Выбарнік атрымлівае бюлетэні з усімі кандыдатамі ды адзін канверт з пячаткаю. Затым укладае бюлетэнь у канверт і ўкідае яго ў скрыню. Заблытацца даволі лёгка: укласці ў канверт два бюлетэні, не ўкласці нічога або, урэшце, закінуць канверт у сметніцу для нявыкарыстаных бюлетэняў. Аднак амаль ніхто не памыляўся, а на ўчастку з 800 выбарнікамі сапсаваных галасоў было ўсяго чатыры.

Лёгкасць праз боль



Пасля закрыцця выбарчага ўчастку камісія ўзялася за падлік галасоў, хаду якога назіральнікі змаглі адсочваць бесперашкодна. Гэты досвед цяжка паставіць на адну паліцу з успамінамі пра назіранне ў Беларусі, калі камісія стварае вакол стала надзейны шчыт са сваіх спінаў. Нядзіва, што пасля таемных маніпуляцыяў яўка ў афіцыйным пратаколе ў разы пераўзыходзіла падлікі незалежныя назіральнікі. Ад завышанай яўкі пачынаюць “скакаць” і астатнія выбарчыя паказнікі.

Са шкадаваннем ўсведамляеш, што лакальныя захады, кшталту празрыстых скрыняў ці сістэмы канвертаў, беларускай сітуацыі не паправяць. Як тое адбылося з чэхамі, нам трэба прайсці праз уласны боль рэструктурызацыі дзяржаўнага механізму. Перажыць сваю “вясну” і сваю “аксамітную рэвалюцыю”. А затым можна забыцца, хто такія назіральнікі.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў