Самы тонкі ў свеце гадзіннік і найлягчэйшы маршрутызатар


Што здзівіла свет цягам апошняга тыдня?

Кампанія «CST» паказала на Міжнароднай выставе спажывецкай электронікі, што прайшла ў амерыканскім Лас-Вэґасе, наручны гадзіннік, самы тонкі ў свеце. Яго таўшчыня – усяго 0,8 мм, а вага – 12 гр. Тым не менш, распрацоўнікі здолелі змясціць у корпусе мікрасхему, батарэю і сегментаваны дысплей. На жаль, адзіная функцыя гаджэту – паведамляць час. У прыладзе адсутнічае нават падсвятленне, аднак вялікі памер лічбаў і высокі кантраст дазваляюць разгледзець інфармацыю нават пры слабым святле.

Кампанія «Asus» у сваю чаргу прэзентавала на гэтым тыдні кішэневы маршрутызатар, або роўтар «WL-330NUL». Прылада важыць усяго 25 гр, яна самая лёгкая ў сваім класе. Яе можна выкарыстоўваць, каб стварыць пункт доступу Wi-Fi, а таксама як вонкавы «Ethernet»-порт для ноўтбукаў. Маршрутызатар атрымлівае энергію як ад электрасеткі, так і ад USB-порту камп’ютара. Вытворцы запэўніваюць: роўтар будзе запатрабаваны вандроўнікамі.

{movie}Праграма «Dэвайс» (18.01.2013) |right|8648{/movie}

ВОЙНЫ ПОШУКАЎ?

У штаб-кватэры кампаніі «Facebook», якая месціцца ў Каліфорніі, прайшла доўгачаканая імпрэза, на якой заснавальнік сацыяльнай сеткі Марк Цукербэрґ прэзентаваў уласны пошукавы сэрвіс пад назваю «Graph Search». Ён будзе працаваць са зместам профіляў карыстальнікаў, а адказы на пошукавыя запыты будуць выдавацца наладам прыватнасці. Напрыклад, сістэма зможа адказаць на пытанне «Якія здымкі зрабілі мае сябры ў Парыжы?». Цяпер карыстальнікі «Facebook’у» могуць запісацца на бэта-тэставанне пошуку, пакінуўшы заяўку на сайце. Аднак новаўвядзенне ўжо зазнала крытыку з боку галоўнага канкурэнта на рынку пошуку – «Google». Паводле аднаго з заснавальнікаў кампаніі Лары Пэйджа, «Facebook» дрэнна дае рады і не зможа канкураваць з найпапулярнейшаю пошукаваю сістэмаю ў сеціве.

«DISNEY INFINITY»

Сусветна вядомая кампанія «Дыснэй» афіцыйна прэзентавала гульню-свет «Disney Infinity». Героі праекту – амаль усе вядомыя персанажы, якія цяпер належаць кампаніі. Плануецца, што спачатку яна выйдзе на ўсіх папулярных гульнёвых кансолях, пасля чаго з’явіцца і на камп’ютарах. Каб гуляць у «Disney Infinity», геймерам спатрэбіцца сама гульня, пластыкавыя фігуркі персанажаў ды інтэрактыўныя кружэлкі «Power Discs». У стартавы набор пакету ўвойдуць тры персанажы: Салі з «Карпарацыі монстраў», капітан Джэк Верабей з «Піратаў Карыбскага мора» і спадар Выключны з «Суперсямейкі». Агулам будуць даступныя прыблізна 20 персанажаў, аднак дадатковых давядзецца набываць асобна. Цалкам гульнёвы свет «Дыснэй» стартуе ў чэрвені.

Гэтыя тэмы вы можаце паглядзець у праграме «Dэвайс». Іншыя тэмы выпуску: надзіманы космас, на радасць гіпстэрам, парасон-помпа. Праграму «Dэвайс» вы можаце паглядзець на «Белсаце» штотыдзень у панядзелак і пятніцу а 19:15. Праграма даступная таксама падчас он-лайн трансляцыі.

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў