Бэн Эфлек стаў трыумфатарам цырымоніі ўручэння “Залатога глобуса”


У Лос-Анджэлесе прайшла 70-ая цырымонія ўручэння Залатога Глобуса. Трыумфатарам стаў Бэн Эфлек – ягоную рэжысёрскую працу “Аперацыя Арго” назвалі найлепшым драматычным фільмам года.

У гэтай жа катэгорыі найлепшаю акторкаю журы прызнала Джэсіку Чэстэйн за заснаваную на рэальных падзеях стужку “Мэта нумар адзін”, якая распавядае пра ліквідацыю Усамы бін Ладэна. А найлепшым драматычным акторам, як і чакалася, назвалі Дэньела Дэй-Льюіса за ролю Лінкальна ў стужцы Стывэна Спілбэрга. Найлепшаю стужкаю на замежнай мове зрабілася кранальная праца аўстрыйца МІхаэля ГАнэке “Каханне” пра цёплыя адносіны пажылой сямейнай пары.

Найлепшым фільмам года ў катэгорыі камедыі ды мюзіклу журы прызнала працу Клёда-Мішэля Шэнбэра і Алена Бубліля паводле раману Віктора Гюго “Адрынутыя”. А Г’ю Джэкмэн, які сыграў у ёй галоўную ролю, прызнаны найлепшым камедыйным акторам.

Гісторыя пра прыгоды прынцэсы-лучніцы “Адважная сэрцам” сталася найлепшаю анімацыйнаю стужкаю года.

У іншых намінацыях журы адзначыла ўзнагародамі працу Кўэнтына Тарантына “Джанга вызвалены”, прыгодніцкую стужку “Жыццё Пі” і апошні фільм пра Джэймза Бонда.

Іншыя тэмы: у Гомлі прайшлі калядаванні. У Італіі рэстаўруюць мастацкія творы з дапамогаю суперсучасных тэхналогіяў.

Мар’яна Чарняева, belsat.eu

Стужка навінаў