Ідэолагі: Хрысціянства і «беларускасць» – шырмы экстрэмізму


Гомельскія ідэолагі ды прадстаўнікі інспекцыі ў справах няпоўнагадовых бачаць прычыны падлеткавай злачыннасці ў інтэрнэце, дзе прапагандуюць беларускасць, хрысціянства і бардаўскую культуру.

Начальнік аддзелу ідэалагічнай працы УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Карпінскі, выступаючы на адным з абласных семінараў, падкрэсліў: школьнікаў трэба абараняць ад дрэннага ўплыву сеціва. Паводле чыноўніка, інтэрнэт цяпер актыўна выкарыстоўваецца радыкальнымі арганізацыямі «для заклікаў да непадпарадкавання, рыхтавання паўстання і рэвалюцыі». Пры гэтым ідэйныя натхняльнікі экстрэмістаў, падкрэсліў ідэолаг, застаюцца па-за межамі Беларусі.

«Часта прыцягненне ў групы паводле інтарэсаў ажыццяўляецца пад шырмаю «беларускасцi», хрысціянства, бардаўскай культуры. Спачатку мерапрыемствы пазбаўленыя палітычнага афарбавання. Паступова ў маладыя галовы, якія імкнуцца да пераменаў і бунтарства, уліваюцца экстрэмісцкія ідэі», – распавёў пра жахі ў інтэрнэце міліцэйскі ідэолаг. Ён падкрэсліў, што з цягам часу падлеткі становяцца «марыянеткамі» ў чужых руках.

У якасці развязання праблемы спадар Карпінскі прапанаваў ствараць афіцыйныя, ідэалагічна адпаведныя сайты і форумы.

Карпінскі выказаў таксама заклапочанасць цэнзурай у інтэрнэце. «Можна колькі заўгодна скалынаць блогі ды форумы сваймі каментарамі. Аднак усе рэплікі фільтруюцца адміністратарамі ў зададзеным кірунку. «Правільныя» захоўваюцца, іншыя выдаляюцца або застаюцца ў меншасці. Паступова фармуецца патрэбны настрой віртуальных жыхароў, які пасля можна выкарыстоўваць, як гаворыцца, «паводле прызначэння» і не заўсёды ў мірных мэтах», – адзначыў ідэолаг.

Максім Ярашэвіч, паводле gp.by

Стужка навінаў