Vincent: Учынак Дэпард’ё – плявок у бок еўрапейскіх каштоўнасцяў


Ці не стаў французскі актор блазнам?

Вядомы французскі актор Жэрар Дэпард’ё паставіў “на вушы” ўвесь свет: выехаў з Францыі ды прыняў расейскае грамадзянства, каб пазбегнуць павышанага падатку на багацце. Славуты выканаўца ролі Абэлікса падчас уручэння яму расейскага пашпарта абдымаўся з расейскім прэзідэнтам і назваў Расею “ўзорам дэмакратыі”.

Беларускі музыка і актор Зміцер Папко, больш вядомы пад псеўданімам Vincent, лічыць, што Дэпард’ё, як прызнаны актор, мае права на асабістыя рашэнні. Аднак, заўважыў Vincent, учынак француза мае і адмоўнае значэнне: “Негатыўны момант гэтай гісторыі – заляцанні Дэпард’ё да Расеі, далёка не дэмакратычнай краіны… У гэтым выпадку Дэпард’ё плюе на еўрапейскія каштоўнасці”. Прычым учынак аднаго з самых вядомых актораў Еўропы, на думку Vincent’а, бурыць ідэалы і спадзяванні настаўленых па-еўрапейску беларусаў.

{movie}Vincent: Учынак Дэпард’ё – плявок у бок Еўропы |right|8533{/movie}

Да таго ж, заўважыў Зміцер Папко, асоба Дэпард’ё выкарыстоўваецца ў Расеі для афіцыйнай прапаганды. Абдымкі француза з Пуціным, дыктатарам, які душыць свабоду грамадзянаў, на думку Vincent’а, “не дадаюць ўсёй гэтай гісторыі прыгажосці”. Паводле беларускага музыкі, інтэлігенцыя мусіць абараняць праўду і справядлівасць: “У палітыцы маральнасці мала, але роля інтэлігенцыі ў цяперашні момант – паказаць дзяржаве, што нешта яна робіць не гэтак, і гэта немаральна”.

Атрымаўшы расейскае грамадзянства, Жэрар Дэпард’ё можа без візы наведваць Беларусь. “Чакаем яго на Нарачы, у нашых аграсядзібах і аграгарадках”, – запрасіў прадстаўнік маладога пакалення беларусаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў