«АРГАНІЗАВАНАЯ» КАРУПЦЫЯ: УНІКАЛЬНАЕ АЎДЫЁ З ДОПЫТУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКА МАЛАЧКО


Беларуская мяжа – адна з галоўных крыніцаў здабывання грошай асабіста для Аляксандра Лукашэнкі. Такую тэзу ставяць аўтары нашумелага расейскага дакументальнага фільму “Хросны Бацька–3”.

Спадар Андрэй – інспектар самага вялікага мытнага пункту Казловічы. Менавіта праз яго праходзілі вялікія партыі кантрабанды: мэблі, будаўнічых матэрыялаў, тэхнікі.

АНДРЭЙ, ІНСПЕКТАР, ПАМЕЖНЫ ПУНКТ КАЗЛОВІЧЫ:
“Там былі рэчы, якія мелі значна большую вартасць, гэта 100 %. Я не адчыняў гэтых машынаў, мы як простыя інспектары не мелі такой магчымасці – без дазволу старэйшага змены адчыніць і даглядзець тую ці іншую машыну”.

Грошы з хабараў пералічваліся на рахункі фірмаў, якія месціліся на Кіпры і ў Вугоршчыне: “Sunfast trading”, “Corney SA”, “Haka group”.

АНДРЭЙ, ІНСПЕКТАР, ПАМЕЖНЫ ПУНКТ КАЗЛОВІЧЫ:
“Усе рашэнні, усе загады – яны ідуць зверху, з самага верху. Нашая дзяржава пабудаваная на такіх мафійных схемах”.

Памежны пераход Казловічы фігуруе ў найбольш гучнай карупцыйнай справе апошніх гадоў, так званай справе Грамовіча – кіраўніка дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, якога судзяць за арганізацыю злачыннай групоўкі, што займалася кантрабандаю на сотні тысячаў долараў. Гэта унікальнае аўдыё з допыту прадпрымальніка Малачко, які быў адным са стваральнікаў карупцыйнай схемы.

ПАВАЛ МАЛАЧКО:
“Грашовая сума прапанавалася яму ў якасці долі як арганізатару злачыннай дзейнасці”.
СВЯТЛАНА БАЙКОВА, СЛЕДЧАЯ:
“Каму, Грамовічу?”
ПАВАЛ МАЛАЧКО:
“У першую чаргу Аксюцічу. На рахунак фірмы “Карат” было пералічана 45 тыс. долараў”.

Расследавала гэтую справу старэйшая следчая генеральнай пракуратуры Святлана Байкова. І падчас працы, пры дапамозе паказанняў Малачко, выйшла на след самых высокапастаўленых чыноўнікаў у краіне.

Сама Байкова ўжо паўгода ўтрымліваецца ў ізалятары КДБ паводле абвінавачвання ў злоўжыванні службовым становішчам. Днямі, пасля таго як Малачко пачаў даваць паказанні ўжо супраць Байковай, ёй выставілі новыя абвінавачванні. 12 гадоў следчай Генпракуратуры пагражае нібыта за змушэнне да хабару памерам 400 тыс. даляраў.

Байкова на знак пратэсту трымала галадоўкі, і цяпер яна ў цяжкім стане.

У турме апынуліся і некалькі афіцэраў МУС, якія таксама расследавалі карупцыйныя справы ў асяроддзі КДБ. Арыштаваў іх той самы КДБ. Паводле абвінавачання ў браканьерстве міліцыянтаў асудзілі на 3–4 гады турмы, а справа атрымала назву “паляўнічай”. Абвінавачванні ж супраць працаўніка КДБ Івана Каржа пазвалі паклёпам.

Вячаслаў Дудкін, былы кіраўнік аддзелу барацьбы з карупцыяй МУС, да якога звярнуліся аўтары “Хроснага Бацькі”, некалькі гадоў таму збіраў аператыўную інфармацыю пра карупцыю ў найвышэйшых эшалонах улады – сярод іншага, у Дзяржаўным памежным камітэце, з якога, паводле аўтараў фільму, паходзяць так званыя маладыя ваўкі Віктара Лукашэнкі.

Аднак сын прэзідэнта далёка не адзіны, на каго “накапаў” звестак Дудкін. У інтэрв’ю “Белпартызану” ён называе іншыя прозвішчы: Зянон Ломаць, Віктар Шэйман, Наталля Пяткевіч, Сцяпан Сухарэнка, Уладзімір Пефціеў, Алег Праляскоўскі і шматлікія іншыя.

Адзіная прычына, з якой сёння Дудкін не раздзяляе лёсу Байковай, у тым, што былому міліцыянту ў свой час ўдалося з’ехаць за мяжу.

Стужка навінаў