Дзе «бабахне» ў 2023 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя войны і гвалтоўныя пратэсты


Наўрад ці мог нехта прадказаць, што 2022 год пачнецца з масавых пратэстаў у Казахстане. Няшмат хто верыў, што Расея ўчыніць поўнамаштабны напад на Украіну. Мы не можам прадказаць, дзе пачнецца наступная вайна. Але можам пералічыць, дзе цяпер неспакойна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: marines.mil

Расея і суседзі

Украіна наўрад ці пабачыць мірнае жыццё бліжэйшым часам. Калі не здарыцца цуд, вайна ва Украіне будзе працягвацца і ў 2023 годзе: хоць лінія фронту амаль не мяняецца, абодва бакі настроеныя працягваць барацьбу. Украінцы не захацелі здавацца нават пасля маштабных абстрэлаў энергетычнай інфраструктуры, а Крэмль не захацеў выводзіць войскаў, хоць перыядычна намякае на перамовы.

Украінскія артылерысты страляюць з 130-міліметровай гарматы М-46 недалёка ад Бахмуту. Данецкая вобласць, Украіна. 15 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Расея можа сама сутыкнуцца з масавымі пратэстамі ў 2023 годзе: прычынамі могуць стацца новая хваля мабілізацыі (як было ў Дагестане), новыя ваенныя паразы або чарговы эканамічны крызіс і далейшае пагаршэнне ўзроўню жыцця. Нейкага дзяржаўнага перавароту ці грамадзянскай вайны ў Расеі не прагназуюць, але аналітыкі нярэдка звяртаюць увагу на публічную актыўнасць кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава і кіраўніка баевікоў ПВК Вагнэра – Яўгенія Прыгожына. Ды іхныя дзеянні могуць сведчыць як пра слабасць сістэмы расейскай улады, так і пра тое, што беззаконне – гэта і ёсць сістэма расейскай улады.

Беларусь могуць уцягнуць у новы расейскі напад на Украіну. Ужо амаль два месяцы ў Беларусі разгортваюць рэгіянальную беларуска-расейскую групоўку войскаў і маштабнае мабілізацыйнае правяранне. Але прынамсі на момант публікацыі ў Беларусі не відаць фармавання ўдарнай групоўкі або рыхтавання Расеі да анексіі, як не відаць і вакна магчымасцяў, пра якое кажуць арганізатары плану «Перамога».

Разбор
Ядравы ўдар па Беларусі не выключаны? Ці праўда ўсё так сур’ёзна і як з гэтым жыць
2022.09.29 07:30

Прыднястроўе, Абхазія і Паўднёвая Асеція наўрад ці пачуваюць сябе спакойна на фоне вайны ва Украіне і ваенных паразаў Расеі. Цягам 2022 года хадзілі чуткі пра ўцягванне непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі ў вайну ва Украіне. Часткова прызнаная Паўднёвая Асеція планавала  рэферэндум аб далучэнні да Расеі, але перадумала. З невядомых прычынаў у часткова прызнаную Абхазію адразу пасля візіту да Уладзіміра Пуціна лётаў Аляксандр Лукашэнка.

Нагорны Карабах не пераставаў быць зонаю канфлікту. У 2022 годзе Азербайджан нават абстрэльваў гарады на міжнародна прызнанай тэрыторыі Арменіі. Расея, якая раней нібыта выконвала ролю міратворца, цяпер надта занятая вайною ва Украіне: Арменія паціху адмаўляецца ад такога «саюзніка». На жаль, цалкам імаверна, што ў 2023 годзе ў рэгіёне зноў будзе ліцца кроў.

Аналітыка
Канфліктныя Азербайджан – Арменія, Кыргызстан – Таджыкістан. Глядзім, ці закончыліся баі і дзе АДКБ
2022.09.22 07:11

Астатні свет

Войны, рэвалюцыі і дзяржаўныя перавароты могуць пачацца зусім не там, дзе іх чакаюць. Хто б мог падумаць, што дзяржаўны пераварот рыхтуюць у Нямеччыне? А днямі выявілася, што суполка «грамадзянаў Нямецкай імперыі» планавала штурмаваць Бундэстаг і аднавіць манархію. Палітычны крызіс у Перу цягнуўся больш за пяць гадоў, а падчас напісання гэтага тэксту там затрымалі прэзідэнта, які хацеў разагнаць парламент.

Ды прадказаць войны і рэвалюцыі спрабуюць многія. Напрыклад, амерыканскі Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў нядаўна выдаў даклад на паўсотні старонак з прагнозамі толькі на зіму 2022–23 гадоў.

Кітай у тым дакладзе ідзе асобным раздзелам. Рэч не толькі ў магчымым нападзе на Тайвань. Кітай у прынцыпе нарошчвае ваенныя магутнасці і збліжаецца з Расеяй. Часопіс «The Economist», напрыклад, прадбачыць канфлікт Кітаю з Індыяй праз спрэчныя межы ў Гімалаях. Да таго ж, у 2022 годзе Кітай бачыў маштабныя пратэсты праз няўдалую палітыку барацьбы з каронавірусам – не выключаюць, што пратэсты зноў выбухнуць у 2023 годзе. Таксама не выключана, што пратэставаць супраць камуністаў ізноў будзе дэмакратычна настроены Гон-Конг. Акрамя таго, Кітай не спыняў сваёй палітыкі адносна народу ўйгураў, якую Вялікая Брытанія, Злучаныя Штаты, Францыя ды іншыя называюць генацыдам.

Пратэсты ў Тэгеране, Іран. 20 верасня 2022 года.
Фота: Darafsh / Wikipedia, CC BY-SA 4.0

Іран можа пабачыць працяг або гвалтоўнае здушэнне масавых пратэстаў, якія пачаліся ў 2022 годзе і ўсё часцей ідуць пад лозунгам «Смерць дыктатару». Саступкі пратэстоўцам пакуль што сімвалічныя, чымся палітычныя. Да таго ж, Іран можа распачаць адкрытую вайну з Саудаўскай Аравіяй: у лістападзе канфлікт называлі непазбежным.

Косава можа зноў стаць гарачым пунктам. У 2022 годзе Сербія заяўляла, што Косава на яе нападзе і ўжывала расейскую рыторыку пра «дэнацыфікацыю», а прэзідэнт Сербіі заўважаў, што ў ім бачаць міні-Пуціна. Той канфлікт замарозіўся, але не залагодзіўся цалкам: Сербія па-ранейшаму не прызнае незалежнасці Косава (і абураецца, калі «Косава акупуе Косава»), а Косава спрабуе функцыянаваць як незалежная дзяржава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні марской пяхоты ЗША ў гарадскім асяроддзі, салдаты выконваюць ролю баевікоў. Тўэнтынайн-Палмз, ЗША. 21 кастрычніка 2022 года.
Фота: Jonathan Forrest / marines.mil

Блізкі Усход і Афганістан, Паўночная і Цэнтральная Афрыкі застаюцца месцамі крывавых канфліктаў. Працягваюцца войны ў Емене, Самалі, Сірыі ды Эфіопіі, канфлікты меншых маштабаў ідуць у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Нігерыі ды іншых краінах, а Афганістан па-ранейшаму кантралююць тэрарысты «Талібану». Невядома, ці ў 2023 годзе ў рэгіёне выбухне новая маштабная вайна, але надзеі на ўсталяванне міру практычна няма.

Паўднёва-Усходняя Азія таксама нестабільная: напрыклад, у 2023 годзе могуць разгарэцца з новай сілай пратэсты на Шры-Ланцы або зноў распачацца ў М’янме, дзе ўладу захапіла ваенная хунта.

Паўночная Карэя звыкла пагражае вайной і нават прэвентыўным ядравым ударам у выпадку адчування небяспекі. Рэжым Кімаў, які згаданы «The Economist» называе «сямейнаю галаварэзакратыяй», некалькі дзесяцігоддзяў шмат пагражае і не рэалізуе пагрозы, але мае масіўнае войска і ядравую зброю, а таксама падтрыманне Кітаю ды Расеі. Падставаў меркаваць, што гэта зменіцца ў 2023 годзе, няма, але і выключаць вонкавую агрэсію Паўночнай Карэі нельга.

Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын паказвае дачцэ міжкантынентальную балістычную ракету. КНДР. 19 лістапада 2022 года.
Фота: kcna.kp

Свет поўны «крохкіх дзяржаваў». Акрамя названых вышэй краінаў, Сусветны банк адзначае ўзброеныя канфлікты ў Буркіна-Фасо, Бурундзі, Іраку, Камеруне, Лівіі, Мазамбіку, Малі, Нігеры, Паўднёвым Судане і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы; інстытуцыянальную і сацыяльную нестабільнасць у Бурундзі, Венесуэле, Гаіці, Гвінеі-Бісаў, Зімбабвэ, Каморах, Ліване, Лівіі, Маршалавых Астравах, Мікранезіі, Палестыне, Папуа – Новай Гвінеі, Саламонавых Астравах, Судане, Конга, Тувалу, Усходнім Тыморы, Чадзе, Эрытрэі.

Масавыя пратэсты ў 2022 годзе разгараліся і ў нібыта спакойнай Канадзе , і ў Вугоршчыне, якая хоць уваходзіць у Еўразвяз, але, згодна з дакладам еўрадэпутатаў, ужо не лічыцца дэмакратычнай. І нават у Манголіі цяпер пратэстуюць, нягледзячы на тэмпературу – мінус 21°С.

У Глабальным рэйтынгу міру цяпер на першым месцы Ісландыя. Але ці здзівіцца хтосьці, калі і там пачнуцца масавыя пратэсты? Такі ён, 2023 год.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў