У Беларусі з’явіўся новы кітайскі аўтамабільны брэнд «Tank»


У Беларусі з’явіўся новы кітайскі аўтамабільны брэнд «Tank». У рамках выставы «АўтаЭкспа», якая праходзіла ў Менску, адбылася прэзентацыя дзвюх мадэляў.

Кітайскі аўтамабіль «Tank 300».
Фота: gwmtank.by

Аўтамабілі пад брэндам «Tank» выпускае кітайскі канцэрн «Great Wall», ужо вядомы на беларускім аўтамабільным рынку ў асноўным па пазадарожніках «Haval».

На выставе «АўтаЭкспа» былі прадстаўленыя дзве мадэлі – «Tank 300» і «Tank 500».

Мадэль «Tank 300» прапануецца беларусам з 4-цыліндравым бензінавым маторам аб’ёмам 2 літры і магутнасцю 220 конскіх сілаў. У аўтамабілі ўсталяваная 8-ступенчатая аўтаматычная каробка перадач. У камплектацыі Premium аўтамабіль будзе каштаваць ад 151 800 рублёў (прыблізна 45 300 долараў).

Кітайскі аўтамабіль «Tank 500».
Фота: gwmtank.by

Мадэль «Tank 500» мае матор аб’ёмам 3 літры з двайным турбанаддувам і мае магутнасць 299 конскіх сілаў, таксама яна аснашчаная 9-ступенчатай каробкай перадач. Гэтая мадэль будзе прапаноўвацца беларусам за 230 700 рублёў або 69 тысячаў долараў.

Як адзначаецца на сайце, аўтамабілі «Tank» прайшлі адаптацыю для беларускага рынка, уключна з антыкаразійнай абаронай кузава.

Нагадаем, што на фоне сыходу некаторых заходніх брэндаў з беларускага рынку кітайскія аўтамабілі выбіліся ў лідары па продажах і на пачатку 2023 года складалі 78 % ад усіх прададзеных новых аўтамабіляў у Беларусі (пры гэтым доля «Geely» беларускай вытворчасці даходзіла 72 %).

Агляд
Кітай, налятай. Чым жыве аўтамабільны рынак Беларусі
2023.09.11 08:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў