Дадатнае сальда вонкавага гандлю Беларусі абрынулася на 85 %


Нацыянальны банк раскрыў статыстыку вонкавага гандлю Беларусі ў студзені – лістападзе летась. Краіна экспартавала болей, чымся імпартавала, сальда – $ 730 млн. Аднак за той жа перыяд 2022 года яно было значна болей: $ 4,8 млрд.

Клайпедскі порт у Літве.
Фота: Birių krovinių terminalas / bkt.lt

Статыстыка рэгулятара сведчыць пра захоўванне тэндэнцыі апошняга часу: павялічваецца і экспарт, і імпарт, але імпарт расце шпарчэй.

У студзені – лістападзе 2023 года Беларусь прадала за мяжу тавараў і паслуг на $ 43,7 млрд, што на 3 % больш год да года. Імпарт тавараў і паслуг склаў $ 43 млрд – на 14,3 % больш, чымся пазалетась.

Агульную карціну псуе гандаль таварамі. Іх экспарт павялічыўся на 5,6 %, а імпарт – на 14,3 %. Адмоўнае сальда за студзень – лістапад летась перавысіла $ 1,8 млрд.

З якімі менавіта краінамі і якімі менавіта таварамі ды паслугамі гандлюе краіна, невядома, бо Белстат хавае гэтую статыстыку. Што датычыць тавараў, то ведамства дае разбіўку толькі на дзяржавы СНД і ўвесь астатні свет. З гэтых вядомых лічбаў вынікае, што 68,1 % усяго таварнага экспарту Беларусі ідзе ў краіны былога СССР, і найперш тут гаворка пра Расею.

Агульнае сальда вонкавага гандлю ўсё яшчэ ратуюць паслугі, хаця і тут паказнікі не занадта радасныя. Іх экспарт упаў на 7,6 %, а імпарт вырас на 13,8 %. За 11 месяцаў летась гандаль паслугамі прынёс краіне $ 2,6 млрд, а пазалетась было $ 3,8 млрд.

Hавiны
Імпарт тавараў у Беларусь перавысіў экспарт на $ 2,5 млрд
2024.01.06 12:38

Менавіта вонкавы гандаль эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук назваў фундаментам, што дазволіў беларускай эканоміцы прадэманстраваць летась аднаўленчы рост:

«Калі экспарт пачне прасядаць, гэта вельмі падобна да логікі выцягвання фундаменту з-пад ног. Фактычна ўвесь той картачны дамок, што быў пабудаваны летась, калі не зусім разваліцца, то будзе станавіцца ўсё больш хісткім. У выпадку прасядання экспарту гэта будзе біць і па ВУП, і па інфляцыі, і па абменным курсе», – казаў Крук «Белсату».

Аналітыка
«Хісткі картачны дамок». Якую эканоміку пабудавалі ў Беларусі і ці пашчасціць налета?
2023.12.26 07:20

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў