З гаспадыняю заслаўскага прытону наркаманы расплочваліся гарэлкаю


У падменскім Заслаўі выявілі кватэру, на якой рэгулярна збіраліся наркаманы для вырабу і ўжывання наркатычных сродкаў.

Паводле Следчага камітэту па Менскай вобласці, 43-гадовая жыхарка мястэчка вынайшла спосаб крыху зарабіць: яна здавала сваю кватэру нарказалежным асобам, якія варылі там «зелле» і адразу ж ужывалі. Паводле версіі следства, гэта адбывалася са жніўня да кастрычніка 2012 года. Праўда, узбагаціцца кабета так і не змагла – у якасці аплаты яна атрымлівала спіртное.

Падчас ператрусу ў кватэры гаспадыні прытону міліцыянты выявілі ды сканфіскавалі каля 13 мл опію, выкарыстаныя шпрыцы і начынне, якое ўжывалася для вырабу наркотыкаў.

У дачыненні жанчыны завялі крымінальную справу за прадастаўленне памяшкання для спажывання наркатычных сродкаў (ч. 1 арт. 332 КК). Кабету могуць пакараць абмежаваннем волі да 5 гадоў.

Максім Ярашэвіч, паводле БелаПАН

Стужка навінаў