Да «шпіёна» Гайдукова не пускаюць адваката


Абаронца двойчы спрабаваў трапіць да абвінавачанага ў здрадзе дзяржаве актывіста Андрэя Гайдукова, якога трымаюць у менскім ізалятары КДБ. Прычына адмовы ў сустрэчы – адсутнасць вольных памяшканняў.



Дазвол на сустрэчу атрыманы, але скарыстацца з яго немагчыма, распавяла маці актывіста Вольга Гайдукова. Яна непакоіцца за сына, бо ўжо доўгі час не мае пра яго ніякіх звестак: напрыканцы снежня Андрэя Гайдукова перавезлі ў Менск з віцебскага СІЗА, а маці даведалася пра гэта толькі праз некалькі дзён. Адвакат сына не паспеў з ім сустрэцца ў Віцебску, а цяпер не мае магчымасці зрабіць гэта і ў Менску.

Андрэя Гайдукова змясцілі ў менскі СІЗА КДБ ужо другі раз: спачатку яго адвезлі туды адразу пасля затрымання ў Віцебску летась 8 лістапада. Недзе праз месяц яго перавялі ў віцебскі СІЗА, потым зноў накіравалі ў Менск.

Вольга Гайдукова не можа растлумачыць, чым выкліканыя пераводы сына. У лістах ад Андрэя, атрыманых раней, яна прачытала словы пра фальсіфікацыі ў ягонай справе.

Супраць Андрэя Гайдукова распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 356 «Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасці». Напрыканцы снежня на допыт да віцебскага следчага Алега Барысевіча выклікалі яшчэ аднаго наваполацкага актывіста, прыхільніка стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Іллю Багданава. Падчас допыту Багданаву паведамілі, што ягоны статус сведкі мяняюць настатус падазраванага ў гэтай «шпіёнскай» справе.

КДБ не падае ніякіх афіцыйных звестак пра расследаванне. Сваякі ды знаёмыя Андрэя Гайдукова перакананыя, што абвінавачанне ў шпіянажы – абсурднае. Яны мяркуюць, што ціск на Гайдукова звязаны з ягонымі апазіцыйнымі поглядамі ды грамадскаю дзейнасцю. Перад самым арыштам хлопец рыхтаваў дакументы на рэгістрацыю ў Наваполацку суполкі «Саюз маладых інтэлектуалаў». Раней «людзі ў цывільным» неаднаразова папярэджвалі яго пра «непрыемнасці», калі ён не спыніцца.

Паводле spring96.org

Стужка навінаў