«Індэкс цэнзуры»: Улады Беларусі пашыраюць кантроль над інтэрнэтам


«Мала хто разумее, што сёння рэжым мае магчымасць кантраляваць практычна ўсе дзеянні жыхароў Беларусі ў інтэрнэце», – заявіў прадстаўнік «Індэксу цэнзуры» па Беларусі і па АБСЕ Андрэй Аляксандраў.

У дакладзе, прысвечаным нашай краіне, «Беларусь: Сеціва пад кантролем», адзначаецца, што Менск усцяж займае апошнія месцы паводле свабоды выказвання і свабоды прэсы ў свеце. І хоць «новыя тэхналогіі прынеслі новыя магчымасці для свабоды слова, але разам з гэтым далі ўладам новыя інструменты для задушэння вольных галасоў і адсочвання незадаволеных». Адмыслоўцы сцвярджаюць, што для ўладаў Беларусі «захоўванне жорсткага кантролю над інфармацыйнаю прастораю краіны застаецца падставаю для палітыкі, скіраванай на ўтрыманне ўлады».

Перадусім эксперты адзначаюць заканадаўчыя абмежаванні: крымінальная адказнасць за паклёп, крымінальны і адміністратыўны пераслед апазіцыйных актывістаў і журналістаў. Таксама актыўна выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі: он-лайн-адсочванне, блакаванне і фільтрацыя сайтаў, кібератакі на незалежныя старонкі ды маніпуляцыя кантэнтам.

Паводле «Індэксу цэнзуры», абмежаванні на доступ грамадзянаў да інфармацыі ў сеціве будуць толькі ўзмацняцца.

Даклад змяшчае пэўныя рэкамендацыі, якія, на думку «Індэксу цэнзуры», дазволяць ураду Беларусі выканаць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі ў галіне свабоды выказвання і правоў чалавека. Акрамя таго, атрымалі рэкамендацыі і міжнародныя арганізацыі ды структуры, такія, як Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, АБСЕ, Рада Еўропы, а таксама нацыянальныя ўрады еўрапейскіх дзяржаваў, якія маюць кантакты з урадам Беларусі або іншым чынам уцягнутыя ў сітуацыю ў нашай краіне.

«Індэкс цэнзуры» (Index on Censorship) – міжнародная арганізацыя са штаб-кватэраю ў Лондане, мэта якой – падтрыманне свабоды выказвання. З дапамогаю кампаніяў і публікацыяў «Індэкс цэнзуры» кідае выклік усяму, што пагражае свабодзе выказвання, і дае магчымасць гаварыць журналістам, пісьменнікам, мастакам і актывістам, чыя свабода слова была парушаная. Цягам некалькіх апошніх гадоў «Індэкс цэнзуры» актыўна займаецца сітуацыяй у Беларусі, надаючы асаблівую ўвагу свабодзе выказвання ў краіне.

belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў