Прагноз на 2013: Нас чакае стабільны год


Палітолаг Валер Карбалевіч і кіраўнік Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў падзяліліся з «Белсатам» сваймі палітычнымі прагнозамі на 2013 год.

Стабільнасць унутраная

Палітычнае жыццё ў нашай краіне абуджаецца рэгулярна – на час выбараў. Перадусім прэзідэнцкіх, якія пройдуць у 2015 годзе, у меншай ступені – падчас парламенцкіх, якія апазіцыя паспяхова байкатавала або прайграла. Выбары мясцовых дэпутатаў пройдуць у 2014-ым, і яны не настолькі важныя, каб рыхтавацца за год.

І Карбалевіч, і Ягораў згодныя: ніякіх зрухаў у айчынным палітычным полі сёлета чакаць не варта. Будзе працягвацца ціск на грамадзянскую супольнасць, актывістаў апазіцыі ды ўсіх незадаволеных. Разам з тым, паводле Андрэя Ягорава, апаненты ўладаў маглі б ужо цяпер яднаць свае сілы. {movie}Андрэй Ягораў: прагноз на 2013|right|8366{/movie}

«На падзеі 2015 года ў палітычным сэнсе [сёлета] паўплывае не што, а хто: акторы, якія складуцца тут, у Беларусі. Хто будзе рэальным палітычным акторам, той і будзе ўплываць на палітычныя падзеі. Гэткім акторам магла б стаць рэальная кааліцыя дэмакратычных сілаў, якая б магла быць супрацьвагою дзейнай уладзе», – лічыць адмысловец.

Калі ж апазіцыя і гэтым разам не аб’яднаецца, то адзіным гульцом застанецца Лукашэнка і ніякіх цікавых падзеяў чакаць не варта.

Стабільнасць вонкавая

Кардынальных зменаў на двух асноўных вектарах таксама не прадбачыцца. Эксперты мяркуюць, што ў новым годзе могуць выйсці на волю некаторыя палітвязні, але стасункі з Еўразвязам не палепшацца. Тым часам Расея застанецца галоўнай апораю дзейнай улады.

«Расея будзе працягваць датаваць беларускую эканоміку, бо яна зацікаўленая ў тым, каб інтэграцыя ў Еўразійскі саюз працягвалася, а Беларусь тут ключавое звяно, каб уцягнуць туды Украіну. Бакі моцна залежаць адзін ад другога. Беларусь залежыць у эканамічным сэнсе, Расея – у палітычным», – зазначае Карбалевіч. {movie}Валер Карбалевіч прагноз на 2013|right|8367{/movie}

Паводле палітолага, братэрская залежнасць прывядзе да шматлікіх канфліктаў – газавых ці нафтавых, аднак не варта чакаць канфліктаў больш сур’ёзных.

Усевалад Шлыкаў
belsat.eu

Стужка навінаў