Прэзідэнцкай інаўгурацыі Уґа Чавэса можа не быць


Кіраўнік Венесуэлы пасля аперацыі «вельмі слабы, але ў прытомнасці», паведаміў віцэ-прэзідэнт краіны Нікаляс Мадура.

Раней Уґа Чавэс заяўляў, што цалкам вылекаваўся ад раку, які дыягнаставалі ў яго ў 2011 годзе. Аднак 11 снежня на Кубе Чавэсу зрабілі чацвертую аперацыю выдалення ракавай пухліны. Праз вестку пра тое, што ў кіраўніка Венесуэлы выявіліся новыя ўскладненні пасля аперацыі, у краіне адмянілі нават маштабныя навагоднія святкаванні.

Паводле канстытуцыі краіны, калі прэзідэнт не ў стане прысутнічаць на інаўгурацыі, новыя выбары мусяць быць абвешчаныя цягам 30 дзён. Паводле кіраўніка Нацыянальнай асамблеі Д’ёсдада Кабэллё, у выпадку, калі Чавэс не будзе ў стане прысутнічаць на цырымоніі, прысягу перанясуць на больш позні тэрмін. Аднак апазіцыя заяўляе, што такое рашэнне – неканстытуцыйнае.

Уґа Чавэс пры ўладзе з 1999 года, а ў кастрычніку 2012-га яго абралі на чацверты прэзідэнцкі тэрмін.

Максім Ярашэвіч, паводле Бі-Бі-Сі

Стужка навінаў