Яраславу Раманчуку не далі дазволу на дыскусію пра адносіны паміж Беларуссю і Расеяй


Адміністрацыя прэзідэнта адмовіла Яраславу Раманчуку ў дазволе на правядзенне публічнай дыскусіі наконт перспектываў развіцця беларуска-расейскіх адносінаў, паведамляе БелаПАН.

Яраслаў Раманчук, які збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, атрымаў сёння пісьмовы адказ з Адміністрацыі прэзідэнта.

«Ваш зварот адносна правядзення публічнай дыскусіі на тэлебачанні па праблемах беларуска-расейскіх адносінаў разгледжаны ў Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Інфармуем, што пытанні, звязаныя з тэлевізійнымі праектамі і праграмамі, адносяцца да кампетэнцыі тэлеканалаў», – гаворыцца ў адказе, падпісаным кіраўніком галоўнага ўпраўлення працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Станіславам Буко.

Прапанову перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта месяц таму.

«Лукашэнка нясе поўную адказнасць за вонкавую палітыку краіны і скандальна нізкі ўзровень адносінаў паміж краінамі, які ўсталяваўся апошнім часам. 16 гадоў ён заяўляў пра сяброўства і партнёрства з Расеяй, а цяпер узровень канфліктнасці такі, што наступным крокам можа стаць адкліканне амбасадараў», – патлумачыў Раманчук у інтэрв’ю БелаПАН патрэбу правядзення дэбатаў.

belsat.eu
20.09.2010

Глядзі таксама
Каментары