Лукашэнка папрасіў у Пуціна пару мільярдаў, каб «не апынуцца на задворках»


Расея можа вылучыць Беларусі $ 2 млрд крэдыту пад мадэрнізацыю прадпрыемстваў, паведаміў кіраўнік нашай краіны. 21 снежня ён адказваў на пытанні студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Паводле галавы дзяржавы, гэтае пытанне абмяркоўвалася ў часе ягонага нядаўняга візіту ў Расею: «18 і 19 снежня адбыліся перамовы ва ўрадзе Расеі з прэзідэнтам Расеі наконт шмат якіх пытанняў, – сказаў Лукашэнка. – Я ім сказаў, аднаму і другому: вы падумайце, калі мы родныя браты, мы павінны дапамагаць у перыяд крызісу. Нам трэба пару мільярдаў долараў крэдыту, каб ажыццявіць мадэрнізацыю нашых прадпрыемстваў. Я кажу: можаце адказ сёння не даваць, вы падумайце. У адказ: не, чаму, давайце канкрэтны спіс, але пажадана супольных прадпрыемстваў. Гэта значыць, мы даем грошы, вашыя прадпрыемствы – пад мадэрнізацыю, і ствараем супольныя прадпрыемствы. Я кажу: добра, але гэта адзін кірунак. Аднак і для несупольных прадпрыемстваў нам таксама трэба 1 мільярд». Адмоўнага адказу на просьбу ён не атрымаў: «Наадварот, кажуць: так, мы разгледзім, мы ў гэтай частцы дапаможам».

Лукашэнка таксама заявіў, што «Беларусі неабходна мадэрнізаваць прадпрыемствы, інакш яна апынецца на задворках»: «Расея далучылася да СГА [Сусветная гандлёвая арганізацыя – belsat.eu], і мы фактычна там, бо на расейскі рынак у нас амаль да паловы экспарту ідзе. Мы фактычна ўжо працуем ва ўмовах СГА. Мы будзем існаваць у вельмі жорсткай канкурэнцыі, і мы нікуды не дзенемся ад гэтай мадэрнізацыі».

Кіраўнік краіны дадаў, што мадэрнізацыя мусіць быць завязаная на ўласных рэсурсах для мінімізацыі вонкавай залежнасці: «Таму я вельмі жорстка насядаю на міністраў і адмыслоўцаў, канкрэтных кіраўнікоў прадпрыемстваў».

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў