Плошча-2010. Як яе бачаць сёння галоўныя ўдзельнікі


Роўна два гады таму чарговыя прэзідэнцкія выбары скончыліся жорсткім разгонам апазіцыйнага мітынгу і арыштам сотняў пратэстоўцаў, простых мінакоў і амаль усіх кандыдатаў на прэзідэнцтва.

Кандыдатамі на прэзідэнта Беларусі зарэгістравалі 10 чалавек. Паводле афіцыйных звестак, у выбарах удзельнічалі 90,65 % выбарнікаў. Паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, Аляксандр Лукашэнка атрымаў 79,65 % галасоў, у той час як астатнія кандыдаты не набралі нават трох адсоткаў: Рыгор Кастусёў – 1,97 %, Аляксей Міхалевіч – 1,02 %, Уладзімір Някляеў – 1,78 %, Яраслаў Раманчук – 1,98 %, Віталь Рымашэўскі – 1,09 %, Андрэй Саннікаў – 2,43 %, Мікола Статкевіч – 1,05 %, Віктар Цярэшчанка – 1,19 %, Дзмітрый Вус – 0,39 %.

Пасля падліку

Увечары 19 снежня ў цэнтр Менску, адгукнуўшыся на заклік кандыдатаў на прэзідэнцтва ад апазіцыі, выйшлі дзясяткі тысяч выбарнікаў, не згодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў. Міліцыя дазволіла дэманстрантам бесперашкодна дайсці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці і распачаць мітынг. Аднак прыкладна праз гадзіну група правакатараў пачала біць шкло ў дзвярах Дому ўраду, што паслужыла сігналам для разгону. Шматлікіх удзельнікаў акцыі жорстка збілі. Пазней і Аляксандр Лукашэнка, і тагачасны міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў заявілі, што асабіста кіравалі разгонам пратэстоўцаў.

Паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску ў якасці абвінавачаных праходзілі больш за 40 чалавек. Абвінавачанне выставілі шасці кандыдатам на прэзідэнцтва. Пяцёра з іх – Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Дзмітрый Вус і Віталь Рымашэўскі – прайшлі праз суды, былі прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі ды ўдзеле ў масавых закалотах і прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення або абмежавання волі.

Шосты затрыманы ўдзельнік прэзідэнцкай гонкі, Аляксей Міхалевіч, здолеў уцячы за мяжу – неўзабаве пасля таго, як яго выпусцілі са следчага ізалятару КДБ пад падпіску аб нявыездзе.

Самыя жорсткія прысуды атрымалі Мікола Статкевіч (6 гадоў пазбаўлення волі), Дзмітрый Вус (5,5 гадоў пазбаўлення волі) і Андрэй Саннікаў (5 гадоў). Вуса памілавалі 1 кастрычніка 2011 г., Саннікава – 14 кастрычніка 2012 г.

На сённяшні момант за кратамі застаецца адзін экс-кандыдат на прэзідэнта, Мікола Статкевіч.

Еўразвяз і ЗША традыцыйна не прызналі вынікаў выбараў і дагэтуль заклікаюць неадкладна вызваліць палітвязняў. Паводле назіральнікаў з СНД, выбарчы працэс прайшоў празрыста і сумленна.

Ацэнкі праз два гады

Гледзячы з перспектывы сённяшняга дня, падзеі 19 снежня экс-кандыдаты на прэзідэнцтва ацэньваюць па-рознаму.

Паводле лідара кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева, два гады таму «ніхто не перамог». Але і высноваў са здарэнняў 19 снежня ніхто не зрабіў.

«Спакуса разабрацца, хто больш дэмакратычны, рашучы ў супрацьстаянні з рэжымам, пераважала над жаданнем атрымаць урокі з прэзідэнцкай кампаніі. Увесь гэты год, па сутнасці, зноў пайшоў на разборкі, хто мае рацыю, хто вінаваты», – сказаў Някляеў.

Ён не здымае віны і з кампаніі «Гавары праўду!». «Мы няправільна пралічылі і прааналізавалі дзеянні рэжыму. Мы зыходзілі з таго, што намаганні, затрачаныя ім для наладжвання кантактаў з Еўразвязам, не могуць быць перакрэсленыя эмоцыямі, раздражненнем. Мы няправільна пабудавалі свае дзеянні, няправільна выбралі шлях да поспеху і, трэба называць рэчы сваімі імёнамі, пацярпелі паразу», – прызнае экс-кандыдат.

На сёння ў апазіцыі «ніякіх суцяшальных перспектываў не праглядаецца», адзначыў ён. «На апазіцыйных лідараў і актывістаў аказваецца вельмі вялікі ціск, у тым ліку псіхалагічны. Гэты прэс і ціск не даюць ім магчымасці сесці за стол перамоваў і выпрацаваць адзіную стратэгію, якая, з майго пункту гледжання, не магчымая без адзінага кандыдата. Але я мяркую, што ў наступным годзе наступіць пераломны момант, і апазіцыя пачне глядзець больш наперад, чымся назад», – лічыць палітык.

Экс-кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў ацэньвае тыя падзеі больш аптымістычна. «Тады галоўная памылка была ў тым, што апазіцыі не ўдалося дамовіцца пра адзінага кандыдата, што не было адзінага плану на Плошчу. Аднак з часам таксама зрабілася відавочна, што тыя падзеі значна ўскалыхнулі беларускае грамадства, якое зразумела: у нашай краіне ў палітычным плане не ўсё так добра, мы жывем не так ужо і правільна», – заявіў намеснік старшыні Партыі БНФ.

Паводле яго, пасля Плошчы выбарнікі «перасталі задаваць пры сустрэчах пытанне: хто, калі не Лукашэнка, хто акрамя яго?». «Яны ўбачылі, што ў Беларусі ёсць палітыкі, здольныя ўзяць на сябе адказнасць за краіну і прэзідэнцтва», – мяркуе экс-кандыдат.

На думку Кастусёва, рэпрэсіі ўладаў і эміграцыя шмат якіх актывістаў апазіцыі аслабілі дэмакратычныя сілы. «Але, з іншага боку, за два гады апазіцыя зрабілася больш мудраю, чаго ёй не хапала раней. Знікла эйфарыя «шапкакідання», якая назіралася ў шматлікіх лідараў і актывістаў, – гэта станоўчы фактар. Шмат якія арганізацыі прыйшлі ў сябе і пачалі працаваць у рэжыме, калі дзеянні супадаюць з планамі», – адзначыў палітык.

А вось ўлады, на ягоную думку, за мінулыя два гады не змяніліся. «Думаю, паўтарыць сёння падзеі 19 снежня – улады зрабілі б і сёння тое самае. На жаль, яны няздольныя нічому вучыцца ні ў палітычным, ні ў эканамічным плане», – мяркуе Кастусёў.

Яшчэ адзін кандыдат на прэзідэнцтва, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, ацаніў мінулыя два гады з эканамічнага гледзішча.

Ён, у прыватнасці, нагадаў, што ў 2010 г. Лукашэнка здолеў выгандлеваць у Расеі вельмі добрыя ўмовы. «На жорсткасць уладаў у дзень выбараў ускосна паўплывала тое, што яны атрымалі беспрэцэдэнтнага памеру нафтавы і газавы грант ад Расеі, магчымасць рэалізоўваць схему з растваральнікамі і разбавіцелямі. З гэтага пункту гледжання палітычная жорсткасць была логікай уладаў апраўданая», – мяркуе экс-кандыдат.

«Да таго ж ён разумеў, што Еўразвяз не будзе ўводзіць ніякіх значных санкцыяў. І сапраўды, у 2011–2012 гг. назіраецца ўстойлівы і адназначны рост долі ЕЗ у беларускім экспарце. Ніякіх эканамічных санкцыяў у дачыненні Беларусі няма. Ёсць пэўныя нязручнасці для юрыдычных асобаў, але яны не ўплываюць на плыні тавараў і грошай – найбольш значныя і адчувальныя для Менску пазіцыі», – канстатаваў Раманчук.

belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў