«Свабоду Пушкіну»


Актывісты арт-групы “Партызан” у самым цэнтры Менску правялі акцыю дзеля падтрымання вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна.

Маладыя людзі ў пятніцу 14 снежня з дапамогаю ланцуга і замкоў замацавалі партрэт Алеся Пушкіна на прыпынку грамадскага транспарту пры станцыі метро “Няміга”.

Цяпер Алесь Пушкін пад вартаю – адбывае 12-дзённае пакаранне. Суд над беларускім мастаком адбыўся ў закрытым рэжыме 5 снежня, таму дакладна невядома, за што канкрэтна асудзілі дзеяча. Працэс над мастаком вяла суддзя Ленінскага раёну Менску Марына Запаснікава. Сакратар суддзі адмовілася паведамляць прычыну арышту, у канцылярыі адміністратыўных справаў суда паведамілі, што Пушкін нібыта пакараны за ўдзел у несанкцыяванай масавай акцыі.

Вядома, што напярэдадні мастак не ўдзельнічаў ні ў якой масавай акцыі. Алесь Пушкін правёў толькі мастацкі перформанс – з партрэтам удзельніка антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага ён наведаў Вярхоўны Суд.

Тады мастак абскарджваў рашэнне суда Смаргонскага раёну, паводле якога Пушкін адбыў 10-дзённы адміністратыўны арышт за тое, што сёлета ў верасні прайшоў з партрэтам Лапіцкага па вуліцах Смаргоні.

Паводле ffight.org

Стужка навінаў