Паштоўка-выцінанка для палітвязняў


{movie}Алена Лапцёнак: якую паштоўку адправіць палітвязню?|left|8013{/movie}У менскім офісе Партыі БНФ адкрылася выстава выцінанак Вольгі Бабурынай, прысвечаная чарговай гадавіне прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

На выставе экспануюцца 30 працаў – выразак з рознакаляровай паперы, кожная з якіх прысвечаная аднаму артыкулу Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэткім чынам мастачка праілюстравала 30 артыкулаў акту.

«Аднойчы я спыталася ў сваёй маці, дзе яна навучылася гэтак хораша выразаць сняжынкі? І маці расказала, як маленькай дзяўчынкай хадзіла праз лес за чатыры кіламетры ў школу і як зімой разглядала сняжынкі на рукавічках. Я ведаю і памятаю тую дарогу, бо дзяцінства правяла ў матчынай вёсцы. Памятаю, як сама любіла разглядаць сняжынкі… Пасля, калі мне было 12 гадоў і я вучылася ў Маладзечанскай мастацкай школе, мне стала вядома, што такая тэхніка называецца выцінанкаю. Гэтак дзіцячае захапленне перарасло ў лад жыцця», – распавяла Бабурына.

Адна з арганізатараў выставы, праваабаронца Алена Лапцёнак, паведаміла, што летась прынялі міжнародны лагатып правоў чалавека – знак з выяваю рукі-птушкі. «Нам захацелася зрабіць гэты лагатып сваім, беларускім. Узнікла ідэя: гэта можа быць выцінанка, бо гэта – нашае народнае мастацтва, спалучэнне разьбы, ткацтва, малюнку. Я знайшла Вольгу Бабурыну праз інтэрнэт і папрасіла яе выразаць нам гэтую руку-птушку. Але яна зрабіла яшчэ некалькі выразак – альтэрнатыўных варыянтаў. Нам гэта спадабалася. І мы вырашылі стварыць каляндар. Але не проста каляндар, а каляндар з лякалам, каб кожны мог выразаць штосьці. Гэта такая забава для дзяцей і дарослых», – зазначыла Лапцёнак.

Праваабаронцы выдалі гэтыя працы таксама і ў выглядзе паштовак, якія можна даслаць сябрам.

«Хочаш даслаць паштоўку Алесю Бяляцкаму і доўга стаіш-выбіраеш у «Белсаюздруку», што можна купіць, бо амаль усе паштоўкі віншавальныя. Бываюць яшчэ расейскія «прышпільныя», але не заўсёды яны да месца, бо чалавек – за кратамі. Таму мы вырашылі правесці і конкурс на найлепшыя паштоўкі», – распавяла «Белсату» Алена Лапцёнак.

Вольга Бабурына – майстра выцінанкі. Яна сябра Беларускага саюзу майстроў народнай творчасці, рэспубліканскі стыпендыят у галіне культуры і мастацтва. Скончыла Мірскае рэстаўрацыйнае вучылішча (1992), Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (2002), суаўтар практычнага дапаможніку «Мая выцінанка». Мастацкія працы Вольгі Бабурынай можна сустрэць у музеях і прыватных калекцыях у Беларусі ды за мяжою.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў