Брытанцы працуюць над водарам беларускай сталіцы


Канцэпцыя брэнду Менску – ужо гатовая. Адною з найгалоўнейшых якасцяў сталіцы названая… нетаропкасць.

Ідэю распрацаваў даследчы цэнтр INSTID (Вялікая Брытанія). Пра гэта паведаміла прадстаўніца цэнтру Наташа Ґранд (Natasha Grand) 6 снежня ў Менску на ІІІ міжнародным форуме «Імідж Рэспублікі Беларусі: час дзеяць».

Паводле эксперткі, праект замовіў турыстычна-інфармацыйны цэнтр «Менск». Да канца 2012 года запланавана стварыць брэнд сталіцы, а з 2013-га – зрабіць шэраг захадаў для яго рэкламы.

Стваральнікі канцэпцыі брэнду беларускай сталіцы, адзначыла Ґранд, улічваюць прапановы менчукоў, якія можна дасылаць праз інтэрнэт. Для абмеркавання канцэпцыі рэгулярна збіраецца грамадская рада, у якую ўвайшлі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, бізнесоўцы, чыноўнікі, дыпламаты і г. д.

Менск: закрыты горад, што сябе не праявіў

Як паведаміла прадстаўніца INSTID, у працэсе збору меркаванняў пра Менск высветлілася, што ў свядомасці сталічных жыхароў няма дакладнага ўяўлення пра горад. Менск характарызавалі як чысты, няспешны, кансерватыўны, закрыты горад, які сябе не праявіў. Не знайшлі і пэўнага сімвалу сталіцы: розныя людзі адзначалі архітэктурны стыль СССР, Нацыянальную бібліятэку, помнікі па нямецка-савецкай вайне і г. д. Таму ў выніку пастанавілі адштурхнуцца ад якасцяў менчукоў: яны рацыянальныя, добра паінфармаваныя пра падзеі ў свеце, маюць крытычнае мысленне, сучасныя і пры гэтым спакойныя і незадзірлівыя.

Такім чынам, у адпаведнасці з канцэпцыяй брэнду сталіцы, добрыя якасці гораду – гэта бяспека, метадычнасць, нетаропкасць, магчымасці для развіцця. Характар Менску вызначаны як «сучасны, функцыйны, ясны, рытмічны і ўраўнаважаны».

Асвяжальнікі паветра з пахам Менску

У якасці колеру Менску прапанаваны блакітны – «менскі блакіт». Элементам візуальнага стылю гораду стане арнамент з блакітных і белых палосаў роўнай шырыні, размешчаных пад пэўным нахілам. Чакаецца, што гэтую выяву будуць выкарыстоўваць у афармленні сталічных будынкаў, транспарту, сувеніраў.

Адмыслоўцы распрацоўваюць таксама «менскі шрыфт» і «водар Менску», які будзе выкарыстоўвацца пры стварэнні сувеніраў – свечак, асвяжальнікаў паветра. Апроч таго, ствараецца «менская музыка». Ужо вядома, што гэта будзе мелодыя без словаў з «працяглымі фразамі», выкананая на струнных інструментах.

Паводле belapan.com

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары