БНФ караюць за салідарнасць?


Сяржук Семянюк, сакратар Управы БНФ, упэўнены, што спроба пазбавіць партыю памяшкання ў цэнтры Менску – гэта помста ўладаў.

“Пасля 19 снежня Управа была хіба што адзіным месцам, дзе віравала жыццё. Сюды ішлі сотні людзей, тут стварыўся нефармальны цэнтр дапамогі рэпрэсаваным, – кажа Сяржук Семянюк. – Улады не маглі дараваць гэтай актыўнасці і таму прынялі такое рашэнне”. Афіцыйная прычына непрацягнення дамовы арэнды – спазненне з аплатаю на месяц. Аднак сакратар Управы настойвае, што ў 2010 толькі аднойчы арэнду аплацілі са спазненнем, і тое – усяго на тры дні.

Гэта ўжо не першая спроба пазбавіць Партыю БНФ памяшкання. “Аднак ранейшыя “ўмоўныя” высяленні адбываліся па-іншаму. Раней прыходзілі лісты, маўляў, “у выпадку нясвоечасовай аплаты мы пакідаем за сабою права на сканчэнне арэнды”. Цяпер у лісце напісана, што арэнда не будзе працягнутая ў прынцыпе”, – падкрэсліў Сяржук Семянюк.

Дзейная дамова арэнды скончыцца 1 красавіка, пасля чаго ПБНФ мусіць пакінуць памяшканне.

belsat.eu

Стужка навінаў