Макей заявіў пра пагрозу незалежнасці Беларусі


Пра няпростыя ўмовы, у якіх аказалася нашая краіна, міністр замежных справаў распавёў у інтэрв’ю газеце “Красная Звезда”.

У інтэрв’ю міністр замежных справаў Уладзімір Макей абвінаваціў Еўразвяз у тым, што Беларусь страціла давер да двухбаковага дыялогу: “Ён і мусіць ліквідаваць нанесеную шкоду”.

Нягледзячы на палітычныя сваркі, заўважыў Макей, таваразварот расце (за студзень-верасень – на 122,3 %). І паўтарыў вядомую тэзу, што прыбіранне палітычных бар’ераў надасць моцны імпульс эканамічнаму росту.

У кантэксце развіцця Беларусі ды Саюзнай дзяржавы Макей заявіў пра пагрозу бяспецы: “У якасці асноўных я назваў бы пагрозы, звязаныя з замахам на суверэнітэт, дзяржаўную незалежнасць, канстытуцыйны лад і тэрытарыяльную цэласнасць Рэспублікі Беларусь. Як правіла, такія пагрозы маюць вонкавы характар і выяўляюцца шляхам навязвання пэўнага палітычнага курсу, які не адпавядае нацыянальным інтарэсам”.

Сярод пагрозаў Макей назваў таксама ціск на кіраўніцтва краіны з мэтаю атрымаць саступкі ў палітычнай і эканамічнай сферах; санкцыі ды абмежаванні; “паслабленне і дыскрэдытацыю інтэграцыйных структураў, у працы якіх удзельнічае нашая краіна”.

Тут міністр адзначыў пазітыўны досвед супрацы паміж Беларуссю і Расеяй у вайсковай сферы і заявіў, што галоўны складнік стратэгічнага партнёрства дзвюх краінаў – гэта паглыбленне інтэграцыі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары