Сабраць за 60 секундаў. Новае жыццё кубіка Рубіка


{movie}Спідкубінг па-беларуску|left|7839{/movie}Хто не трымаў у руках самую прадаваную ў свеце цацку – магічны кубік вугорскага прафесара Эрнё Рубіка? Хто не спрабаваў скласці яго? Сёння знойдзеныя юнакамі сярод хатняга хломазду старыя, улюбёныя галаваломкі бацькоў часцяком прыводзяць хлапцоў і дзяўчат у новы спорт – спідкубінг, хуткаснае збіранне кубіка Рубіка. Спідкубінг заваёўвае ўсё болей прыхільнікаў у свеце. Пра беларускі спідкубінг і яго дасягненні мы паразмаўлялі з яго лідарам – Піліпам Хурсевічам.

– Як Вы ацэньваеце тое, што кубік Рубіка цяпер перажывае чарговую хвалю папулярнасці ў свеце? Як бы Вы гэта патлумачылі?

– Сапраўды, перажывае, і ў Беларусі таксама. Людзі, як правіла, знаходзяць дома старыя кубікі Рубіка, якія прадаваліся яшчэ ў СССР. Маладым людзям хочацца паспрабаваць самім сабраць гэтую галаваломку. Яны пачынаюць шукаць, як гэта зрабіць. Калі ў іх атрымліваецца скласці кубік самастойна, то іх ахоплівае неверагоднае пачуццё. Потым узнікае жаданне павысіць хуткасць, што прымушае шукаць аднадумцаў. Гэтак умацоўваецца рух спідкубэраў.

– Як арганізаваны сусветны рух спідкубінгу? Ці праводзяцца сусветныя спаборніцтвы?

– Існуе Сусветная асацыяцыя кубіка (WCA), якая ладзіць афіцыйныя спаборніцтвы, што праводзяцца паводле спецыяльных правілаў, без выканання якіх публікацыя вынікаў і сусветнае прызнанне не магчымыя. Гэтую арганізацыю ўзначальвае яе заснавальнік, Рон ван Брухэм (Ron van Bruchem). Праводзяцца сусветныя і еўрапейскія спаборніцтвы. Спаборніцтвы праходзяць у розных краінах. Апошні чэмпіянат свету прайшоў у Тайландзе ў кастрычніку 2011 г. Чэмпіёнам свету зрабіўся паляк Міхал Плясковіч.

– Фактычна спідкубінг мае рысы спорту. Можа, у перспектыве ён будзе ўспрымацца на роўных з шахматамі і шашкамі?

– Ён ужо гэтак успрымаецца! Узгадайце кёрлінг. Цяпер гэта алімпійскі від, а некалі яго абсалютна не прызнавалі, лічылі дарагою забаўкаю. Спідкубінг цяпер усюды ўспрымаецца як спорт, бо людзі, якія ім займаюцца, лічаць сябе спартоўцамі, яны ўвесь час трэнуюцца, удасканальваюць свае навыкі.

– Вы лічыце, што спідкубінг мае алімпійскую будучыню?

– Пра гэта гаворкі не ідзе, але сваё месца нароўні з шахматамі і шашкамі ён павінен заняць трывала. Спадзяюся, што ў нас у Беларусі знойдуцца такія людзі, якія выцягнуць спідкубінг на сусветны ўзровень, бо пакуль мы можам пахваліцца толькі рэгіянальным узроўнем.

– Вы стаіце ля самых вытокаў руху ў Беларусі. Калі ён зарадзіўся? Што ён уяўляе з сябе цяпер? Ці масавы гэты рух?

– Маё захапленне пачалося тры гады таму, прыкладна тады ў Беларусі і ўзнік спідкубінг. У 2009 г. былі праведзеныя першыя беларускія неафіцыйныя спаборніцтвы пад кіраўніцтвам цяпер ужо няіснага парталу rubiks.by, які афіцыйна прадаваў гэтыя галаваломкі. На спаборніцтвах не было прадстаўнікоў WCA, таму іх не лічаць афіцыйнымі. Беларускі рух мае хвалепадобны характар, часам перажываючы рост, а часам – пэўнае зацішша. Рух трымаецца на аматарах, на асобах. І вось на сучасным этапе ў Беларусі ёсць каля 200–250 чалавек, якія любяць збіраць кубік Рубіка. З іх невялікая частка – спідкубэры. Мне дапамог Анатоль Кім – першы беларускі спідкубэр, які, на жаль, цяпер не праяўляе актыўнасці, пасля чаго я пачаў развіваць і папулярызаваць спідкубінг у Беларусі – шукаў аднадумцаў, вучыў іх. Паступова вакол мяне пачалі гуртавацца людзі, якім гэта цікава. Для мяне гэта вельмі важна. Магчыма, я і знайду будучага чэмпіёна свету – гэта мая мэта.

– Магчыма, гэтым чэмпіёнам будзеце Вы самі?

– Не, я лічу, што ў мяне для гэтага не стае навыкаў. Да таго ж патрэбныя пастаянныя трэнаванні. Трэба рабіць да сотні зборак кубіка на дзень. Гэта адымае шмат часу і можа надакучыць. І ў мяне шмат іншых справаў і захапленняў, каб круціць кубік цэлы дзень. Я папросту стараюся трымаць форму, займаючыся гэтым у вольны час. Няма мэты ставіць сусветныя рэкорды. Мая мэта – прыцягнуць у рух новых людзей, расказаць людзям пра гэтую незвычайную галаваломку. Я бачу сябе папулярызатарам.

Даведка «Белсату»

3х3х3, 4х4х4 і г.д. – традыцыйныя сістэмы называння розных мадыфікацыяў кубіка. Гэтак, кубік Рубіка 3х3х3 (класічны, першы) складаецца ў сваю чаргу з 27 кубікаў, які круцяцца вакол трох нябачных восяў кубіка, іншымі словамі кожная грань такога кубіка складаецца з 9 квадрацікаў. Куб 4х4х4 – адпаведна складаецца з 56 мініяцюрных кубікаў і мае на кожнай грані 16 квадрацікаў і г.д.

– Якія дасягненні Беларусі? Якія нашыя рэкорды, найлепшыя выступленні на спаборніцтвах? Якія Вашыя ўласныя рэкорды?

– Практычна ўсе беларускія рэкорды былі пастаўленыя першым беларускім спідкубэрам Анатолем Кімам. Гэта дастаткова моцныя рэкорды, іх цяжка пабіць. Але літаральна 24–25 лістапада на спаборніцтвах у Маскве беларускія хлопцы паставілі некалькі нацыянальных рэкордаў: рэкорд Яўгена Чака з кубікам 6х6х6 – 4,03.86 хв., рэкорд у зборцы кубіка нагамі (2,24.77 хв.) пастаўлены Віктарам Данілавым. Таксама пабіты нацыянальны рэкорд зборкі на колькасць хадоў, яго аўтар таксама Віктар Данілаў – сабраў кубік 3х3х3 за 37 хадоў, тады як звычайна на зборку кубіка ідзе 56 хадоў. Першы нацыянальны рэкорд 3х3х3 – не пабіты дагэтуль – належыць Анатолю Кіму, 10,40 сек. Рэкорд у аднарукай зборцы кубіка 3х3х3 таксама належыць Кіму. Мне належыць другі нацыянальны рэкорд у зборцы кубіка 2х2х2 – 4,11 сек, а таксама другі рэкорд у зборцы адною рукою – 21,21 сек.

Шэраг рэкордаў у асобных дысцыплінах належыць Усціну Вашчанку з Наваполацку. Рэкорды з вялікімі кубамі ў хуткім часе паставіць, я думаю, Яўген Чак – гэта наш спецыяліст у вялікіх кубах, я ў яго глыбока веру. Магчыма, гэтыя рэкорды будуць пастаўленыя на першым адкрытым чэмпіянаце Беларусі «MinskОpen», які, спадзяюся, адбудзецца ўвесну 2013 г., – гэта будзе першае беларускае афіцыйнае спаборніцтва, мы чакаем таксама кубэраў з Расеі, Украіны, Латвіі, Польшчы.

– Як вас знаходзяць людзі?

– Пішуць праз сацыяльныя сеткі, звяртаюцца з просьбаю дапамагчы, навучыць. Часам цікавяцца, дзе купіць добры кубік. Як правіла, калі людзі прыходзяць у свет кубінгу, яны не ўяўляюць, наколькі ён вялікі і разнастайны, іх чакае прыемнае здзіўленне. Большасць людзей, на жаль, толькі падыходзіць да парогу вялікага спідкубінгу, не адважваючыся пераступіць яго. Але ключык ад дзвярэй атрымаць вельмі проста. Гэтак, рэкардсмен свету, аўстраліец Фэлікс Зэмдэгс выйшаў з 20 секундаў за два месяцы і цяпер ягоны рэкорд – 5,66 сек.

– Усе спідкубэры «гняздзяцца» ў Менску? Ці ёсць прадстаўнікі гэтага руху ў рэгіёнах?

– Далёка не ўсе. У рэгіёнах шмат моцных спідкубэраў. У Берасці – Ілля Цярэшка, уладальнік другога нацыянальнага рэкорду з 3х3х3, Віктар Данілаў з Полацку, Кірыл Мамонаў з Гомля і шмат іншых. У Менску каля 50 чалавек. З іх каля 10 вельмі моцных кубэраў.

– Які партрэт беларускага спідкубэра? Гэта маладыя хлопцы? Ці сустракаюцца дзяўчаты? Ці ёсць сталыя людзі?

– Наогул, спідкубінг пераважна мужчынскі від спорту. Дзяўчаты рэдка сустракаюцца, хаця як прыгожа выглядае кубік у руках дзяўчыны! У Менску ёсць 5–6 дзяўчат, тры з іх прыходзяць да нас на сустрэчы. Астатнія – пераважна маладыя хлопцы ад 15 да 22 гадоў, але ёсць людзі і больш сталыя, дарослыя. Кубікам можна пачаць займацца ў любым узросце, ніколі не позна. Спідкубэр – як правіла, чалавек без шкодных звычак. Супольнасць спідкубэраў унікальная. Калі ты ўмееш збіраць кубік – астатняе не важна, цябе адразу прымаюць у «сям’ю», вучаць, выхоўваюць.

– Як часта вы збіраецеся і дзе? Дзе да Вас могуць далучыцца простыя хлопцы і дзяўчаты?

– Мы збіраемся ў «Макдоналдсе» на плошчы Бангалор, звычайна мы ў цэнтры ўвагі людзей, якія рэдка застаюцца абыякавымі да нашага стала. Некаторыя з іх часам застаюцца і ўцягваюцца на нейкі час у спідкубінг.

– Якім трэба быць, каб навучыцца хутка складаць кубік?

– Галоўнае – цярплівасць і стараннасць. Аднак над усім стаіць зацікаўленасць, інтарэс. Авалодаць галаваломкаю можа абсалютна кожны.

– Вы лічыце, што развітасць лагічнага мыслення не мае значэння?

– Гэта галоўная памылка многіх – я лічу, што не мае. Некаторы склад розуму патрабуецца, асабліва для зборкі ўсляпую, дзе трэба пралічваць ланцужок алгарытмаў. Для астатняга нейкага асаблівага розуму не трэба. Эрнё Рубік прыдумаў свой кубік, каб патлумачыць студэнтам тэорыю лічбавых групаў, як яны перамешваюцца. Для звычайнай зборкі патрабуецца наяўнасць элементарных асноваў лагічнага мыслення і ўменне супастаўляць чырвонае з чырвоным, зялёнае з зялёным, а сіняе з сінім.

– Вы займаецеся кубінгам тры гады. Вам не надакучыла?

– Вядома, часам надакучвае, аднак я стараюся не круціць кубік шмат. Я валодаю хуткасным метадам зборкі, зборка дынамічная. Гэта цікава, калі сам пры гэтым шукаеш розныя варыянты, бо лік усіх дасягальных станаў кубіка 3х3х3 роўны 43 квінтыльёнам! Людзі звычайна вучаць пару алгарытмаў для навічкоў, а потым дзяўбуць іх. Такое можа хутка надакучыць. Ува ўсім цікавы творчы падыход, а не сумнае і аднастайнае. Хуткасны метад робіць зборку цікаваю, дынамічнаю, з’яўляюцца азарт і прастора для развіцця.

– Якое месца кубінг займае ў Вашым жыцці? Ці не шкадуеце Вы пра час, які на яго траціце? Што вам дае спідкубінг?

– Я вучуся на пятым курсе ўніверсітэту, атрымоўваю кваліфікацыю юрыста, збіраюся атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю, эканамічную. Але спідкубінг – тое, што мне вельмі падабаецца. Куб заўсёды са мною, я магу да яго звярнуцца ў любы час, гэта мой стыль жыцця. Спідкубінг акрамя ўсяго – унікальная магчымасць для камунікацыі, падарожжаў. Кубік адкрывае шмат магчымасцяў. Абсалютна не важна, хто ты, як ты выглядаеш, колькі ў цябе грошай, калі ты збіраеш кубік Рубіка – ты свой чалавек. Усіх нас аб’ядноўвае гэты чароўны кубік.

– Як ставяцца да Вашага захаплення блізкія?

– З разуменнем, хаця б таму, што я дасягнуў пэўных вынікаў. Аднак бясконцае шчоўканне кубіка, якое разносіцца па ўсёй хаце, іх ужо добра раздражняе (смяецца).

– Ці звяртала ўвагу на рух спідкубэраў нашая дзяржава? Ці прапаноўвала дапамогу?

– Яшчэ пакуль не. Магчыма, яны пра нас не ведаюць. Магчыма, даведаўшыся, яны б адчулі нейкі патэнцыял. Самі мы не звяртаемся, пакуль не плануем, няма неабходнасці, спраўляемся на грамадскіх пачатках, маем досвед. Дзяржава цяпер не можа знайсці сродкаў, каб адпраўляць маладых шахматыстаў на міжнародныя спаборніцтвы.

– Што Вы параілі б пачаткоўцам, якія адважыліся ўзяць у рукі кубік?

– Знайдзіце аднадумцаў. Знайдзіце нас. Як толькі нехта нас знаходзіць – ён мае ўсё.

Стужка навінаў