Вернікі царквы «Новае жыццё» не аддадуць будынку ўладам (дадалося відэа)


Яны пачынаюць кругласутачную малітву за яго захаванне.

Вернікі будуць “прасіць Бога пра тое, каб ён наставіў на розум улады, і каб ён нам давёў планы пра тое, што рабіць і як рэагаваць на дзеянні ўладаў”, – сказаў юрыст “Новага жыцця” Сяргей Луканін.

Акрамя таго, штодня а 19.00 будуць праходзіць адмысловыя малітоўныя служэнні дзеля абароны і падтрымання царквы. На гэтыя служэнні прыхаджане “Новага жыцця” запрашаюць усіх неабыякавых людзей, у тым ліку журналістаў. “Гэта пакуль усё, што мы выпрацавалі на пасяджэнні рады”, – адзначыў юрыст. Ён падкрэсліў, што вернікі нават не разглядаюць варыянту добраахвотнага высялення з будынку, які больш за 20 гадоў таму яны пабудавалі на месцы паўразбуранага кароўніка.

{movie}Луканін: Бог не дасць уладам забраць наш будынак|right|7760{/movie}Учора рэлігійная абшчына хрысціянаў поўнага Евангелля “Царква “Новае жыццё” атрымала прадпісанне Гаспадарчага суда Менску, згодна з якім да 5 снежня мусіць вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72. У адваротным выпадку царкве пагражае прымусовае высяленне.

Каля сямі гадоў Менгарвыканкам спрабуе выселіць царкву “Новае жыццё” з займанага будынку. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстацца зямельным участкам, вылучаным ёй у бестэрміновае карыстанне.

Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў царквы “Новае жыццё”, у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, які доўжыўся каля месяца. Галадоўнікі змянялі адзін аднаго, нязменна застаючыся ў будынку царквы. Акцыя была спыненая пасля таго, як уладам прыйшлося адступіць – сітуацыя вакол царквы атрымала шырокі міжнародны рэзананс. У абарону “Новага жыцця” актыўна выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, краіны Еўразвязу, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб’яднанні.

За 20 гадоў існавання “Новае жыццё” атрымала больш за тры дзясяткі судовых пазоваў, пастар царквы Уладзімір Ганчарэнка і юрыст Сяргей Луканін неаднаразова зазнавалі ціск з боку ўладаў, у тым ліку адміністратыўны пераслед.

belsat.eu

Стужка навінаў