Князь Вітаўт і кароль Баторый: “Я был в Гродно”


Дызайнер, які некалі прыехаў у Горадню паводле размеркавання з Расеі, вырашыў разрэкламаваць каралеўскі горад суайчыннікам.

Дызайнер Юрась Кубараў прыдумаў каляндарыкі, на якіх князь Вітаўт Вялікі ды кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, імператары Пётр І, Аляксандр І і Мікалай ІІ, ад’ютант Багратыёна Дзяніс Давыдаў “гавораць”: “Я был в Гродно”.

З адваротнага боку каляндарыка – кароткая даведка, калі і што тут рабіла гэтая асоба. Аналагічная серыя існуе ў выглядзе вымпелаў і магнітаў на лядоўню.

“Я сам з Расеі. У Горадню трапіў пасля размеркавання, – распавёў “Белсату” Юрась. – Мяне ўвесь час пыталі: “У якую “тьмутаракань” цябе закінуў лёс?” Я распавядаў сваім сябрам, якія вядомыя асобы гісторыі бывалі ў Горадні. Пагадзіцеся, калі расеец даведаецца, што тут быў Пётр І ці Мікалай ІІ, то ставіцца да гораду ён будзе зусім па-іншаму”.

Апошнім штуршком да выдання такіх сувеніраў стаў нядаўні візіт Юрася ў Вену. Там дызайнер пабачыў, як удала можна культываваць памяць пра вядомых гістарычных асобаў: “Напалеон у свой час спыніўся пад якім-небудзь кусцікам – адразу помнік, музей ці магніцік. Абы турыст не сышоў з пустымі рукамі”.

Наступнымі персанажамі гарадзенскіх каляндарыкаў і магнітаў стануць бард Уладзімір Высоцкі, мастак Леў Бакст, стваральнік мовы эсперанта Людвік Замэнгоф, пісьменнік Васіль Быкаў і паэт Максім Багдановіч. Па-беларуску будуць аформленыя толькі сувеніры з выяваю апошняга. “Гэтая тэма перадусім арыентаваная на беларускага спажыўца”, – лічыць Юрась Кубараў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары