За беларускую мову - прыбаўка да заробку


Гомельскі актывіст Ігар Случак прапаноўвае прэміяваць чыноўнікаў, якія вядуць справаводства на беларускай мове.

З гэтай нагоды аўтар ідэі накіраваў 26 лістапада ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі адпаведную прапанову дзеля папулярызацыі нацыянальнай мовы.

Случак прапаноўвае ўвесці закон ці іншы прававы акт, згодна з якім службоўца, чыноўнік або іншы грамадзянін, які ў межах працоўнай дзейнасці вядзе справаводства па-беларуску, зможа атрымліваць адмысловую прэміяльную даплату ў межах 15 % асноўнага заробку.

“Немагчыма прымусіць чалавека размаўляць па-беларуску, калі яму гэта не зручна, не створаныя ўмовы для выкарыстання мовы. Але гэтае жаданне можна стымуляваць матэрыяльна, і, думаю, гэта знойдзе водгук у сэрцах беларусаў”, – падкрэсліў Ігар Случак. Паводле дзеяча, нельга заклікаць да адсутнага ў большасці беларусаў патрыятызму, аднак патрэбна прапаноўваць выгоды, якія можа даць чалавеку беларуская мова.

“Магчыма, гэта не зусім прыгожа выглядае, але калі прапановы падтрымаюць, гэта будзе больш эфектыўна, чым сто разоў працытаваная фраза “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”, – мяркуе актывіст.

belsat.eu

Стужка навінаў