Вялікая Брытанія ўзнавіла беларускі часопіс пасля 24 гадоў маўчання


Новы нумар “The Journal of Byelorussian Studies” (“Часопіс беларускіх даследаванняў”) мае выйсці ў студзені-лютым 2013 г.

“The Journal of Byelorussian Studies” упершыню выйшаў у 1965 г. і друкаваўся раз на год. Прадмову да першага нумару напісаў прафесар Оксфардскага ўніверсітэту Роберт Оці (Robert Auty).

Выданне распаўсюджваецца сярод універсітэтаў, бібліятэк і прыватных падпісантаў у Вялікай Брытаніі, ЗША, Беларусі ды іншых краінах па ўсім свеце. Кожны нумар змяшчае артыкулы пра беларускую літаратуру, лінгвістыку, гісторыю і мастацтва, а таксама агляды кніг, хроніку сучасных падзеяў і шырокую бібліяграфію за папярэдні год.

Часопіс выдаюць супольна Англа-беларускае таварыства і Цэнтр транзіцыйных даследаванняў (Centre for Transition Studies) у Лондане. Рэдагуе яго выпускнік Гарварду, кандыдат юрыдычных навук Яраслаў Крывой. У рэдакцыйны камітэт таксама ўваходзяць прафесар Арналд МакМілін (Arnold McMillin) і Джым Дынглі (Jim Dingley). А ў кансультацыйную раду выдання – айцец Аляксандр Надсан (Вялікая Брытанія), доктар Андрэй Катлярчук (Швецыя), доктар Курт Ўулгайзэр (Curt Woolheiser, ЗША), доктар Дэйвід Марплз (David Marples, Канада), доктар Ірына Дубянецкая (Беларусь) і доктар Марцін Паўльсэн (Martin Paulsen, Нарвегія).

Найстарэйшае англійскамоўнае перыядычнае выданне прысвечанае даследаванням у беларускай тэматыцы. Сёння часопіс выдаецца на англійскай ды беларускай мовах. Перыёдык таксама мае электронную версію.

Як паведаміў у “Facebook” рэдактар выдання, “The Journal of Byelorussian Studies” пачынае выходзіць пасля 24-гадовага перапынку. Цяпер прымаюцца новыя заяўкі, дэдлайн – 20 снежня.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары