Святар-падарожнік не чуў пра палітвязняў, але раіць беларусам праяўляць сябе


Слынны расейскі падарожнік і мастак Фёдар Конюхаў на адкрыцці сваёй выставы ў Менску прапанаваў беларусам каланізаваць Антарктыду.{movie}Фёдар Конюхаў: Нічога не чуў пра палітвязняў|left|7477{/movie}

Фёдар Конюхаў, які некалькі гадоў таму прыняў сан праваслаўнага святара, вядомы тым, што 6 разоў здзейсніў падарожжа вакол Зямлі. Ён скарыў Эвэрэст, а таксама найвышэйшыя горы на ўсіх кантынентах. Вандроўнік 17 разоў пераплыў Атлантычны акіян, прычым адзін раз на вёславым чоўне. Конюхаў – аўтар каля 3 тыс. карцінаў, большасць з якіх намаляваў падчас падарожжаў.

З Беларуссю знакамітага расейца звязваюць часы навучання ў Бабруйскай мастацкай вучэльні. Як зазначае госць, у Менску ён мае шматлікіх сяброў, якія і запрасілі яго ў беларускую сталіцу. Тут мастак і святар упершыню зладзіў дабрачынны аўкцыён уласных карцінаў, сродкі з якога пойдуць на будаўніцтва праваслаўнае царквы ў Менску.

Пра палітычных вязняў у Беларусі Фёдар Конюхаў нічога не чуў. «Газетаў я не чытаю, увесь час – у падарожжах. Калі прыязджаю, то толькі на 2–3 дні, і ў мяне на ўсё не стае часу. Ноччу я малюся, днём сустракаюся або малюю карціны, таму я не ведаю пра палітычную сістэму ў Беларусі», – падкрэсліў слынны вандроўнік.

Разам з тым, Конюхаў раіць беларусам заяўляць пра сябе свету, здзяйсняючы вычыны. «Вам трэба зрабіць нешта выбітнае. Час адмовіцца ад сваёй заціснутасці. Глядзіце – беларус падняўся на Эвэрэст! Ці – беларус абышоў вакол свету! Або пайшоў да Паўночнага ці Паўднёвага полюсу! Гучыць, праўда?!» – звярнуўся мастак да прадстаўнікоў беларускіх медыяў.

Конюхаў параіў жыхарам Беларусі заняцца каланізацыяй Антарктыды: адкрыць сваю станцыю, якую можна будзе выкарыстоўваць у турыстычных мэтах, а таксама заняцца пошукам у ваколіцах Паўднёвага полюсу карысных выкапняў.

«У вас у Беларусі ёсць аэрадром, з якога самалёты лётаюць у Антарктыду. Будзеце лётаць да сваёй станцыі! Няма чаго саромецца – так тэрыторыі заўсёды і займалі. Тыя ж Прымор’е, Сахалін. Яны ж не належалі Расеі заўсёды», – прапанаваў госць.

belsat.eu

Стужка навінаў