Улады прыдумалі, як змагацца з недахопам лекараў: 100% мэтавікоў у ВНУ


Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч распавёў, якім чынам улады збіраюцца змагацца з недахопам лекараў у Беларусі: плануецца давесці да 100% мэтавы набор абітурыентаў у медычныя ВНУ. «Мы будзем вызначаць ім працоўнае месца», – заявіў чыноўнік у дзяржаўным тэлеэфіры.

Дзіцячая паліклініка. Менск, Беларусь. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч даў вялікае інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлебачанню, у якім дэфіцыт кадраў у Беларусі назваў звычайнай справай. Паводле ягоных словаў, гэта не нейкая асаблівасць нашай краіны.

«Калі мы з вамі вывучым стан з медычнымі кадрамі і на захадзе, і на ўсходзе, мы ўбачым фактычна такую ​​ж карціну. Падрыхтоўка медычнага спецыяліста, асабліва з вышэйшай адукацыяй, – карпатліва, вельмі складана, затратна для любой дзяржавы», – сказаў міністр, але не ўдакладніў, колькі супрацоўнікаў цяпер не стае.

Ён прызнаў, што спецыяліста трэба зацікавіць, каб ён застаўся пасля абавязковай адпрацоўкі. Цяпер у медычныя ВНУ бяруць 60% мэтавікоў – гэтыя абітурыенты падпісваюць абавязак пасля атрымання дыплому працаваць у той установе, якая накіравала на навучанне.

«Прынятыя дзяржаўныя захады падтрымкі. Мэтавы набор, які можа вырашыць праблему ў тым ліку малых раёнаў. Ён пашыраны да 60%, пяройдзем на 80%, а, можа быць, гэта будзе і 100%. Мы будзем вызначаць ім працоўнае месца», – адзначыў Піневіч.

Стрымліваць адток лекараў плануецца і з дапамогай арэнднага жылля, якое «пасля працы вызначаны час можа будзе на льготных умовах выкупіць». Сёлета, як паведаміў міністр, замацоўванне спецыялістаў «досыць высокае». Напрыклад, у Маладзечне маладыя адмыслоўцы засталіся ў 80% выпадкаў, але ў той жа час у Салігорску – толькі 56%.

Піневіч таксама распавёў, што зараз сярэдні медычны персанал атрымлівае ў сярэднім 1300 рублёў, лекары – каля 2300.

«Ковідныя надбаўкі трансфармаваныя ў іншыя надбаўкі і ляглі ўсяму медычнаму персаналу, які ніяк не звязаны з эпідэміялагічным працэсам. Так, дыферэнцыравана, але ўсім. У снежні мы яшчэ будзем разглядаць пытанне аб надбаўцы да заробку», – сказаў кіраўнік міністэрства аховы здароўя.

Ён паразважаў і пра беларускую вакцыну супраць ковіду. Плануецца, што яна трапіць у абарот налета. Ён прызнаў, што вакцына ўжо і не надта патрэбная, але галоўнае тут – не ўласна прэпарат.

«Гэтая вакцына ўжо не будзе запатрабаваная ў поўнай меры, таму задача стаіць – стварэнне платформы. Важнае пытанне – не ўласна стварэнне вакцыны супраць ковіду, хоць раней гэта было важна. Раней мы вакцыны не выраблялі. На такой платформе можна стварыць інактываваныя вакцыны супраць грыпу, супраць іншых відаў узбуджальнікаў», – растлумачыў міністр.

Паводле ягоных звестак, 72% беларусаў прышчэпленыя супраць каронавірусу, 39% – супраць грыпу.

«Зараз колькасць пацыентаў з каронавірусам – менш за 3% ад пікаў, якія мы назіралі ў мінулыя гады. Праблема цяперашняга перадсезону – трыдэмія, калі эпідпрацэс вызначаецца некалькімі відамі вірусаў. Цяпер гэта амікрон каронавірусу, вірус грыпу і рэспіраторныя вірусы», – падкрэсліў Піневіч.

Ён запэўніў, што дэфіцыту лекаў у Беларусі няма, хаця санкцыі паўплывалі на лагістыку. На замену заходнім вытворцам шукаюць іншых.

«Фактычна мы сышлі ад авіяцыйнага транспарту, дастаўляем аўтамабільным транспартам, але гэтыя лагістычныя праблемы вырашаныя, больш за тое, нашыя заходнія пастаўляльнікі не хочуць моцна сыходзіць з нашага рынку. Кожны лічыць свае грошы. Мы таксама лічым. У нас зʼявіліся новыя партнёры, новыя кірункі. Не толькі Еўропа і Амерыка выпускаюць прарыўныя прэпараты», – сказаў міністр.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў