Доналд Трамп прыгразіў, што дазволіць Расеі рабіць з краінамі NATO «ўсё, чаго яна захоча»


Былы амерыканскі прэзідэнт і імаверны кандыдат на выбарах 2024 года Доналд Трамп на мітынгу ў Паўднёвай Караліне выступіў з рэзкай крытыкай саюзнікаў з NATO. Пра гэта піша «The Washington Post».

Доналд Трамп.
Фота: Авторство: Gage Skidmore / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 3.0

Трамп заявіў, што прэзідэнт адной «вялікай краіны» калісьці спытаў яго, ці стануць Злучаныя Штаты абараняць саюзнікаў ад Расеі, калі чальцы NATO не будуць выконваць сваіх фінансавых абавязкаў перад Альянсам (маюцца на ўвазе выдаткі на абарону, не меншыя за 2 % ад ВУП).

«Не, я не стаў бы вас абараняць. Насамрэч, я заахвочваў бы іх [Расею] рабіць усё, чаго яны, трасца, захочуць», – зазначыў Трамп.

Каментуючы скандальную заяву Трампа, прадстаўнік Белага дому Эндру Бэйтс зазначыў:

«Заахвочванне нападу рэжымаў-забойцаў на нашых найбліжэйшых саюзнікаў ёсць жахлівым і неабгрунтаваным. Гэта ставіць пад пагрозу амерыканскую нацыянальную бяспеку, глабальную стабільнасць і нашую эканоміку».

Трамп цягам доўгага часу быў жорсткім крытыкам NATO. Ён лічыць, што ЗША занадта шмат выдаткоўвае на падтрыманне Альянсу, а еўрапейскія саюзнікі, наадварот, недаплачваюць. Лічыцца, што ў выпадку перамогі на выбарах 2024 года Трамп можа адмовіцца ад падтрымання саюзнікаў у Еўропе, што дэ-факта прывядзе да развалу Альянсу.

Аналітыка
Чаму ЗША дасюль не ўхвалілі дапамогу Украіне? Тлумачым, што адбываецца
2024.02.05 19:45

Нагадаем, у 2006 годзе чальцы NATO дамовіліся выдаткоўваць на абарону не менш за 2 % свайго ВУП. Аднак большасць дзяржаваў фактычна ігнаравала гэтую пастанову .

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў