Менчукоў палохаюць неалібералізмам


З 2 да 8 лістапада ў менскім гандлёвым цэнтры «Сталіца» праходзіць фотавыстава «Неалібералы супраць чалавецтва».

Праект прысвечаны праблеме закрыцця буйных прадпрыемстваў у краінах Заходняй Еўропы ды Амерыкі. Арганізатары выставы – Еўрапейскі цэнтр геапалітычнага аналізу (Польшча), латвійскае аддзяленне грамадскага руху «Сутнасць часу» і аналітычны цэнтр «EcooM» (Беларусь).

Ініцыятары экспазіцыі таксама спрабуюць пры дапамозе фота прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да смерці лідара партыі «Самаабарона» Анджэя Лепэра, якога 5 жніўня 2011 года знайшлі павешаным у ягоным працоўным кабінеце ў Варшаве. Афіцыйная версія польскай паліцыі – самагубства.

«Мы чакалі, што факт смерці вядомага апазіцыйнага палітыка напярэдадні парламенцкіх выбараў прымусіць польскія улады зрабіць усё магчымае і немагчымае, у тым ліку ў межах АБСЕ, каб развеяць сумневы адносна абставінаў і прычынаў ягонай загадкавай смерці ды падрабязна праінфармаваць грамадскасць. Чаканні не спраўдзіліся», – мяркуюць арганізатары.

Дарэчы, аснову праекту складаюць менавіта здымкі самога спадара Лепэра.«Анджэй лічыў неабходным звярнуць асаблівую ўвагу на працэс знішчэння прамысловае вытворчасці і на парушэнні правоў чалавека ўва ўсім свеце. Мы лічым важным, каб вы разабраліся ў гэтай тэме!» – звяртаюцца экспазітары да гледачоў.

Лідар «Самаабароны» быў адкрытым прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі. У 2007 годзе Лепэра звольнілі з пасады міністра сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі, абвінаваціўшы ў карупцыі. У адказ на гэта ён назваў тагачаснага прэм’ера хамам, пасля неаднаразова спрабаваў вярнуць сваю партыю ў сейм, аднак беспаспяхова.

Узгадваючы «таямнічае» самагубства польскага палітыка, арганізатары неяк забыліся на значна больш падазроную смерць беларускага журналіста Алега Бябеніна, якога таксама знайшлі павешаным…

На фотаздымках можна ўбачыць закінутыя будынкі фабрык і заводаў, на якіх нібы на здзек усё яшчэ вісяць плакаты кшталту «Вітаем нашых працаўнікоў!» і «Жадаем плённае працы!».Таксама паказваецца побыт людзей, якія праз страту працы вымушаныя жыць у каналізацыі.

Але стваральнікі праекту падкрэсліваюць, што ўсё гэта – за мяжою: у Літве, Польшчы, Нямеччыне, Францыі, Швецыі ды ЗША! Беларускія ж рэаліі на выставе не адлюстраваныя зусім, абураюцца наведнікі.

«А ў нас усё добра», – саркастычна заўважае маладзён.«Быццам у нас такога няма! Ды хоць у Барысаў прыедзьце паглядзіце!» – дадае мужчына, які аглядае выставу разам з жонкаю і сынам.

Кніга наведнікаў замежнай выставы больш нагадвае кнігу скаргаў на жыццё ў Беларусі: «Яшчэ ў 13 гадоў бегаў па такіх закінутых прадпрыемствах у Мядзеле. Можна зайсці ў Сеціва ды накапаць такіх здымкаў і ў Беларусі: збітыя людзі ды закінутыя будынкі. Калі гэта выстава, яна мусіць несці мастацкі характар, а не прапаганду!». «Паказваючы праблемы ў іншых краінах, вы не зможаце схаваць іх у нашай! Усюды ёсць зруйнаваныя будынкі, нават і ў «нашай Беларусі»! Не трэба гэткім чынам адбіваць у людзей ахвоты падарожнічаць!».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары