Жарсці вакол Курапатаў працягваюцца


Канфлікт паміж гісторыкам Ігарам Кузняцовым і прадстаўнікамі КХП-БНФ атрымаў сёння нечаканы працяг.

Нячаста ўдаецца злавіць вандалаў у Курапатах. Прынамсі гэта ніяк не ўдаецца міліцыі. Здымачная група «Белсату» разам з гісторыкам Ігарам Кузняцовым выпадкова застала групу людзей, што выносілі рэшткі ўжо знішчанага пастаменту памятнага знаку польскім жаўнерам, забітым у Курапатах, на сметнік. Імі аказаліся… актывісты КХП-БНФ. Гісторык выклікаў міліцыю. {movie}Ігар Кузняцоў і міліцыя ў Курапатах|right|7361{/movie}

Намеснік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі ўвесь час ухіляўся ад наўпроставага пытання нашых журналістаў пра тое, ці не ён з паплечнікамі знішчылі пастамент. Актывіст апавядаў пра доўгую працу партыі ў справе добраўпарадкавання ўрочышча, згадваў абарону Курапатаў падчас правядзення кальцавой дарогі, называў Ігара Кузняцова «палітруком-палкоўнікам» і чамусьці казаў пра «савецкія альбо нейкія іншыя сімвалы», якія Кузняцоў нібыта ўсталёўваў у Курапатах. Урэшце намеснік старшыні партыі прыйшоў да высновы, што адбылася правакацыя, прычым вызначыць яе здзяйсняльнікаў даволі лёгка.

Пасля Беленькі параіў Кузняцову найперш «спытацца ў палякаў», ці хочуць яны, каб у Курапатах быў усталяваны такі помнік. Пазней з’явіліся міліцыянты, якія абмежаваліся апытаннем прысутных. {movie}Юрый Беленькі пра канфлікт у Курапатах|right|7362{/movie}

Пра што спрэчкі?



А ўсё круціцца вакол таго, ці расстрэльвалі ў Курапатах палякаў. 28 кастрычніка на акцыі ва ўрочышчы Курапаты прагучала заява старшыні КХП-БНФ Зянона Пазняка, які скрытыкаваў намер усталяваць памятны знак па забітых польскіх афіцэрах.

Палітык заявіў, што «як адкрывальнік, даследчык і кіраўнік археалагічнага аддзялення Курапатаў у 1988 годзе» ён упэўнены: на сёння няма ніякіх падставаў меркаваць, што ў Курапатах расстраляныя хоць якія вайскоўцы. Нагадаем, што ва ўрочышчы налічваецца каля 510 пахаванняў. Зянон Пазняк у 1988 годзе даследаваў восем з іх, дзе не знайшоў парэштак вайскоўцаў. Пазней, у 1997–1998 гадах, вайсковая пракуратура адшукала ў дзевяці раскапаных пахаваннях адзнакі чырвонаармейцаў. У сваю чаргу шмат хто з даследчыкаў мяркуе, што менавіта ў Курапатах былі забітыя асобы з гэтак званага «беларускага катынскага спісу» – афіцэры польскага войска беларускага паходжання.

Нягледзячы на пратэст Пазняка, знак усталявалі. Але ўжо на наступны дзень яго нехта скраў. 4 лістапада адзін з лідараў КХП-БНФ, Валер Буйвал, абвесціў Ігара Кузняцова «персонаю нон-грата на тэрыторыі Курапацкай святыні і на тэрыторыі іншых святыняў, дзе ёсць пакутнікі нашага народу». На жаль, ён не ўдакладніў, што менавіта значыць «персона нон-грата» на месцы масавага пахавання.

belsat.eu

Стужка навінаў