Літва заявіла Беларусі пратэст у звязку з нападам на амбасаду


Амбасада Літвы ў Менску перадала ноту пратэсту Міністэрству замежных справаў Беларусі ў звязку з інцыдэнтам на тэрыторыі літоўскай амбасады ў Менску, куды ўвечары 6 лістапада былі закінутыя бутэлькі з запальнаю сумессю. Пра гэта паведамляе сайт МЗС Літвы.

Прэс-служба літоўскага вонкавапалітычнага ведамства зазначае, што «ў Міністэрства замежных справаў будзе выкліканы кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве. Літоўскія дыпламаты звернуцца з патрабаваннем забяспечыць ажыццяўленне палажэнняў Венскай канвенцыі, якія датычаць бяспекі дыпламатычных прадстаўніцтваў. Адказныя беларускія ведамствы павінны неадкладна распачаць адпаведныя крокі для выяўлення асобаў, што ўчынілі напад, і прыцягнуць іх да адказнасці».

Калі дакладна амбасадар Беларусі будзе выкліканы ў МЗС, прэс-служба не ўдакладняе.

Міністэрства замежных справаў Літвы гатовае супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі Беларусі, каб з дапамогаю літоўскіх экспертаў вінаватыя былі знойдзеныя як мага хутчэй. Пра напад на амбасаду былі праінфармаваныя адказныя ведамствы Літвы, якія ў межах сваёй адказнасці распачнуць адпаведныя захады для ўзмацнення бяспекі дыппрадстаўніцтва.

А 22:48 6 лістапада двое невядомых закінулі дзве бутэлькі з запальнаю сумессю на тэрыторыю літоўскай дыпламатычнай місіі, размешчанай у Менску па адрасе вул. Захарава, 68. Загаранне своечасова лакалізавалі працаўнікі службы бяспекі амбасады. Шкоды нанесена не было, бо бутэлькі ўпалі на тратуарную плітку.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары