Дзе Зміцер Дашкевіч?


Як вынікае з апошняга ліста, яго меліся перавесці з калоніі ў турму закрытага тыпу. Адпаведнае рашэнне вынес суд падчас чарговага паседжання паводле справы лідара «Маладога фронту». Мінуў амаль тыдзень, аднак ніводная папраўчая ўстанова не пацвердзіла наяўнасці палітвязня ў сваіх сценах.

З гэтай нагоды сябры арганізацыі абвесцілі пачатак кампаніі «Знайдзі свайго лідара». Яны будуць наведваць месцы зняволення і патрабаваць адказу ад турэмных уладаў. Зміцер Дашкевіч застаецца за кратамі з 18 снежня 2010 года, калі яго прэвентыўна затрымалі напярэдадні выбараў прэзідэнта. З таго часу ён правёў год у камеры-адзіночцы і больш за паўгода – у карцары. {movie}Наста Палажанка ў “Гарачым каментары”|right|7331{/movie}

Нявеста Змітра, Наста Палажанка, шукала яго ў Гарадзенскай і Жодзінскай турмах, але пакуль безвынікова.

«Дзецца ён, канечне, нікуды не можа. Але так павазіць яго могуць. Відаць, прыносіць гэта нейкае задавальненне ім. Што праўда, яны маюць права не даваць інфармацыі пра этапаванне вязня. Гэта робіцца нібыта ў мэтах бяспечнага пераводу зняволенага. Адзінае, што мы можам рабіць, гэта штодня пытацца ў турмах, ці ёсць ён», – абураецца Палажанка.

Нават сваякі не ведаюць, як доўга і куды будзе адбывацца этапаванне. Тым часам, этап – гэта самы складаны момант у жыцці вязня. Зняволеныя мусяць увесь час несці свае рэчы і выконваць загады канваіраў. Любы прыпынак у СІЗА або ў калоніі азначае абавязковы дагляд з распрананнем вязня.

«Гэта дэманстрацыя сілы, валодання чалавекам, маўляў, мы хочам зрабіць так – і гэта робім. Безумоўна, гэта нейкі пасыл іншым вязням, каб яны не дапамагалі «палітычным». І Мікола Статкевіч, і Зміцер, і Алесь Бяляцкі адчуваюць персанальную адказнасць за тых людзей, якія на іх глядзяць. Таму яны трымаюцца з асабліваю моцаю, каб не спужаць і не падвесці іх», – зазначае Наста Палажанка.

belsat.eu
https://youtu.be/iXqsG2XuEg4

Глядзі таксама
Каментары