«Размова Мацкевіча»: Беларусы ходзяць па вуліцах, названых у гонар іхных катаў


Дагэтуль беларускае грамадства не ўсвядоміла трагізму сталінскіх рэпрэсіяў і не дало ім прававой ацэнкі, – мяркуе народжаная ў ГУЛАГу Зінаіда Тарасевіч.{movie}«Размова Мацкевіча»: Беларусы ходзяць па вуліцах, названых у гонар іхных катаў|left|7295{/movie}

Спадарыня Тарасевіч распавяла, што ейныя бацькі пабраліся ў сталінскім лагеры. Яны спадзяваліся, што іхныя дзеці будуць захоўваць памяць пра пакуты бацькоў і раскажуць пра гэта іншым людзям.

“Дзяржава не падтрымлівае нашай арганізацыи, – распавяла старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, – але вельмі хацелася б, каб яна таксама ўдзельнічала ў захаванні памяці пра ахвяр рэпрэсіяў”.

Грамадская актывістка не лічыць кіраўніцтва сучаснай Беларусі адказным за пераслед і вынішчэнне людзей у эпоху сталінізму, але, на ейную думку, улады Беларусі нясуць адказнасць за захаванне гістарычнае памяці. Паводле спадарыні Тарасевіч, кіраўніцтва краіны не надае належнага розгаласу справе сталінскіх рэпрэсіяў. “Праўда пра гэта ўвесь час трымалася ў сакрэце і хаваецца наўмысна, на жаль, да сённяшняга дня”, – падкрэсліла дачка рэпрэсаваных.

Актывістка заўважыла, што і цяпер людзі ладзяць пікнікі побач з крыжамі ў Курапатах, ходзяць па вуліцах, названых у гонар катаў іхных продкаў, падпісваюць адрасы на паштовых канвертах назвамі вуліцаў з прозвішчамі злачынцаў. “Усё гэта – вынік утойвання праўды”, – дала сваё тлумачэнне старшыня асацыяцыі.

Спадарыня Тарасевіч ўпэўненая, што цяпер існуе вострая неабходнасць даць прававую ацэнку трагічным падзеям 1930-х гадоў. “Раздрай” і нездаровыя амбіцыі не дазволілі грамадскасці ў Беларусі гэтага зрабіць”, – заўважыла госця “Белсату”.

belsat.eu

Стужка навінаў